Аляксандр Субоцін: "Памяць пра Вялікую Айчынную вайну не мае тэрміну даўнасці"
22 чэрвеня 1941 года — адна з самых трагічных дат у гісторыі Беларусі. У гэты дзень пачалася найкрывавейшая вайна ў гісторыі чалавецтва, якая доўжылася 1418 дзён.
У Віцебску далучыліся да агульнабеларускай хвіліны маўчання і правялі жалобны мітынг з ускладаннем вянкоў на Успенскай горцы ў скверы Герояў 1812 года, дзе пахаваны 16 савецкіх воінаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Там сабраліся кіраўніцтва вобласці і горада, ветэраны, моладзь, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў і духавенства.

— Памяць пра Вялікую Айчынную вайну не мае тэрміну даўнасці — занадта высокую цану заплацілі нашы дзяды і прадзеды ў барацьбе за незалежнасць і свабоду Радзімы, — сказаў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. — З першых дзён баёў вораг сустрэў магутнае ўсенароднае супраціўленне. Гэта дапамагло істотна знізіць тэмп наступлення праціўніка, нанесці яму значны ўрон. Народ не губляў веры ў Перамогу і ў выніку не скарыўся ворагу. Віцебшчына страціла кожнага трэцяга жыхара. У нас знаходзіцца звыш 1,5 тыс. пахаванняў тых часоў, у якіх спачывае больш за 400 тыс. абаронцаў Айчыны. Падобныя мемарыялы патрэбны перш за ўсё для моладзі і будучых пакаленняў, каб памяталі, якую цану прыйшлося заплаціць іх продкам за мірнае неба над галавой. Вайна забрала мільёны жыццяў, скалечыла лёсы многіх беларусаў, апустошыла нашу зямлю. Разам з тым выпрабаванні закалілі наш народ, яго характар. Гады выпрабаванняў выпрацавалі ў людзей абвостранае пачуццё адказнасці за мір і парадак.
















