Аляксандр Субоцін прадставіў актыву Докшыцкага райвыканкама новага старшыню
У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Сівко, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі.
Дэпутаты прагаласавалі за Сяргея Абірала аднагалосна. Уручаючы яму службовае пасведчанне, Аляксандр Субоцін выказаў надзею, што новы кіраўнік райвыканкама паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі. Разам з тым Аляксандр Міхайлавіч падзякаваў за працу папярэдняга старшыню Алега Анатольевіча Кавалёнка, адзначыў дасягненні раёна пад яго кіраўніцтвам і ўручыў Ганаровую грамату аблвыканкама.
Старшыня Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч таксама падзякавала Алега Кавалёнка за сумесную плённую дзейнасць і ўручыла яму Ганаровую грамату.
Што вядома пра новага старшыню Докшыцкага райвыканкама?
Сяргей Уладзіміравіч Абірала нарадзіўся ў 1973 годзе ў в. Лабанаўка Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1994 г. скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, у 2015 г. – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
З 1994-га працаваў на розных пасадах у сельскай гаспадарцы Докшыцкага раёна, у тым ліку старшынёй калгаса «Савецкая Беларусь», дырэктарам КУСП «Гняздзілава-Агра». У 2014–2018 гадах – першы намеснік старшыні Докшыцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. З сярэдзіны 2018 года і да цяперашняга часу знаходзіўся на пасадзе дырэктара сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Мнюта» Глыбоцкага раёна.
За заслугі ў галіне сельскай гаспадаркі С.В. Абіралу аб'яўлена Падзяка старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2022), старшыні Віцебскага аблвыканкама, узнагароджаны Ганаровай граматай Глыбоцкага райвыканкама (2023), Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў (2023).