Аляксандр Субоцін прыняў удзел у "Дажынках" Віцебскага раёна

Віцебскі раён ярка і маштабна адсвяткаваў раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022». Сёлета свята прайшло ў гарадскім пасёлку Яновічы.

Кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі, выстава работ майстроў народных мастацкіх рамёстваў, тэматычныя пляцоўкі, спартыўныя спаборніцтвы, дэманстрацыя сельскагаспадарчай тэхнікі – гэтыя і многія іншыя мерапрыемствы склалі аснову галоўнага хлебаробскага свята. Па традыцыі фестываль стартаваў са святочнага шэсця ўдзельнікаў і гасцей. Пад гучныя апладысменты гледачоў прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна, працоўных калектываў у калоне прайшлі па галоўнай вуліцы населенага пункта.

Падарункам жыхарам гарпасёлка стала ўрачыстае адкрыццё «Сада мары», які размясціўся на ўчастку Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Праект стаў адным з пераможцаў грамадзянскіх ініцыятыў і дазволіў стварыць на тэрыторыі цэнтра сапраўдны райскі куток, дзе можна адпачыць не толькі падапечным установы, але і ўсім вяскоўцам.

Шматлюдна ў гэты дзень было на падворках сельсаветаў, якія спаборнічалі ў гасціннасці і прэзентавалі свае брэнды. Так, Акцябрскі сельсавет прадставіў «Хлебны падворак», гаспадыні Вымнянскага частавалі гасцей гарачымі дранікамі, духмянай юшкай і свежымі ракамі, а прадстаўнікі Задубровіцкага прапаноўвалі паспрабаваць пернікі і халву на мёдзе ўласнай вытворчасці і сагрэцца эка-чаем з траў.

Цэнтральнай падзеяй у гэты дзень стала ўшанаванне галоўных удзельнікаў фестывалю – тых, хто жаў хлеб, адвозіў яго ад камбайнаў, прыбіраў з палёў салому, закладваў аснову ўраджаю: аралі, сеялі, даглядалі пасевы, працавалі на збожжатоку. На святочную сцэну адзін за адным падымаліся пераможцы і прызёры раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, рапсу, а таксама работнікі, якія сваёй адказнай працай унеслі значны асабісты ўклад у агульнараённы каравай. Дарэчы, сёлета армія хлебаробаў уключала ў сябе каля 100 камбайнавых экіпажаў, звыш ста адзінак тэхнікі былі задзейнічаны на адвозцы ўраджаю, а штодзённая колькасць удзельнікаў уборачнага працэсу складала больш за пяцьсот чалавек.


– Віцебскі раён з'яўляецца адным з перадавых раёнаў вобласці, ён задае высокую планку, якую трэба паспрабаваць дасягнуць астатнім раёнам, – падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, віншуючы аграрыяў са святам. – Калі ўсе будуць так працаваць, у наступным годзе мы зможам перайсці двухмільённы рубеж па намалоце збожжа. Разам з тым у раёна ёсць яшчэ куды расці, маюцца ўчасткі зямлі, дзе можна атрымаць больш высокі ўраджай, скажам, за кошт павелічэння контурнасці палёў, дзесьці неабходна мадэрнізаваць не толькі вытворчыя аб'екты, але і жывёлагадоўчыя фермы, свінагадоўчыя комплексы.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Генадзь Сабыніч, уборачная кампанія сёлета дзякуючы, а дзесьці насуперак надвор'ю, была праведзена ў аптымальна сціслыя тэрміны, што дазволіла пазбегнуць неабгрунтаваных страт ураджаю. Сёлета аграрыям удалося дасягнуць другога выніку за ўсю гісторыю раёна, намалаціўшы 117 тысяч тон збожжа.

– Зусім няшмат нам не хапіла ўпартасці, дзесьці прынцыповага падыходу, каб пераадолець рэкордны рубеж 2020 года, калі было сабрана 118 тысяч тон. Хоць цяперашні год быў самы хлебны за апошнія дзесяцігоддзі, – падкрэсліў кіраўнік раёна.

Традыцыйна лідарамі ўборачнай па валавым зборы збожжавых сталі ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» і ўнітарнае прадпрыемства «Рудакова», якія забяспечылі ў гэтым сезоне больш за дзве траціны агульнага раённага збору. Сельскагаспадарчая вытворчасць «Мазалавагаз» чарговы раз даказала, што толькі прымяненне інтэнсіўных тэхналогій і элементаў дакладнага земляробства ў раслінаводстве, тэхнічнага прагрэсу ва ўзаемасувязі з жорсткай дысцыплінай з'яўляецца залогам поспеху.

Як вынік – у гаспадарцы ўраджайнасць збожжавых склала 58,0 цэнтнераў з гектара. Стаўка на тэхналогію, дысцыпліну дазволіла дамагчыся значнага прагрэсу ў параўнанні з мінулымі перыядамі ўнітарнаму прадпрыемству «Ліпаўцы», якое палепшыла свой леташні вынік больш чым напалову.

Фермерскай гаспадаркай «Вармас» намалочана больш за 4000 т збожжа пры ўраджайнасці 64 ц/га.

Сёлеташні год стаў выключным для новых рэкордаў. Звыш трох тысяч сямісот тон намалочана камбайнерам з УП «Рудакова» Валянцінам Яшчанкам. Звыш дзвюх тысяч тон намалочана дзесяццю экіпажамі. Усяго тысячны рубеж пераадолелі каля сарака экіпажаў.
У гэту жніво восем маладзёжных экіпажаў пераадолелі тысячны рубеж па намалоце, сем – на адвозцы збожжа. Беспрэцэдэнтныя рэкорды ўстанавілі маладыя Яўген Кухараў, намалаціўшы звыш трох тысяч сямісот тон збожжа, і Дзмітрый Іваноў, які перавез звыш пяці тысяч чыстага золата. Абодва прадстаўнікі янавіцкага краю.

Пры падрыхтоўцы да правядзення «Дажынак» у г. п. Яновічы рэалізавана больш за 200 мерапрыемстваў на суму звыш 3-х млн. рублёў, накіраваных на абнаўленне, рэканструкцыю, мадэрнізацыю, добраўпарадкаванне розных сфер. Асаблівая ўвага была ўдзелена рамонту дарожнага пакрыцця ў гарадскім паселку і сельсавеце ў цэлым. Дадзеных работ выканана на агульную суму больш за 600 тыс. руб., абноўлена каля 5 км дарожнага палатна. Традыцыйна не застаўся без увагі жыллёвы фонд.

У бягучым годзе ўведзена ў эксплуатацыю 4,4 тыс. кв. м жылля пасля правядзення капітальнага рамонту. Праведзены работы па рэканструкцыі водаправоднай сеткі агульнай працягласцю больш за 1000 м, рэканструяваныя дзве кацельні, унітарным прадпрыемствам «Белтэлекам» пракладзена валаконна-аптычная сістэма перадачы даных працягласцю больш за 13 км. Новы выгляд атрымала Яновіцкая сярэдняя школа.

Правядзенне такіх святаў-фестываляў, як «Дажынкі», немагчыма без развіцця вытворчай сферы. Толькі за 2 гады ў пасёлку рэалізавана 3 інвестыцыйныя праекты: будаўніцтва МТК, збожжасушыльнага комплексу і рэканструкцыя збожжаачышчальнага. У межах гэтых праектаў створана больш за 40 новых працоўных месцаў. Праведзена нямалая праца па мадэрнізацыі і добраўпарадкаванні машынна-трактарнага парку. Рэалізацыя такіх праектаў стварае перадумовы для развіцця жыллёвага будаўніцтва і інфраструктуры. У мінулым годзе быў здадзены ў эксплуатацыю шматкватэрны дом, дзе навасёламі сталі 24 сям'і, у гарпасёлку з'явіўся новы сучасны гандлёвы аб'ект.

"Віцебскія весці"