Аляксандр Субоцін узяў удзел у святочным богаслужэнні ў Свята-Успенскім кафедральным саборы
– Мяне пыталіся, ці даставяць сёлета святыню ў Віцебск. Я адказваў, што не ведаю. І вось, калі пачаўся малебен, у храм прынеслі лампадку з часціцай Божай мілаты, – сказаў уладыка і папрасіў усіх запаліць свечкі ад Дабрадатнага агню.
Дарэчы, на гэты раз дэлегацыя з Мінска не лятала ў Ізраіль, а святыню даставілі з Масквы. Адтуль самалётам агонь у спецыяльнай лампадцы быў прывезены ў Мінск, а затым – у Віцебск.
– Галоўны момант у нашым жыцці – вера. Яна даецца чалавеку як дар Божы. Праваслаўная царква захоўвае пераемнасць ісціннай веры, – адзначыў кіраўнік Віцебскай епархіі. – І Васкросенне Хрыстова – сутнасць праваслаўнай веры. Гасподзь з намі! Мы заўсёды адчуваем у сэрцы яго прысутнасць. Будзем цвёрдыя ў сваёй маральнай аснове!
Архіепіскапа, духавенства і ўсіх праваслаўных вернікаў павіншаваў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, які прыйшоў у храм, каб сустрэць Светлае Васкросенне.
– Сёння мы адзначаем галоўнае хрысціянскае свята – Вялікдзень. Няхай Божае благаславенне будзе з кожным з вас, з вашымі роднымі і на нашай цудоўнай зямлі, – звярнуўся кіраўнік вобласці да тых, хто прыйшоў у храм, а ўладыку ўручыў букет белых руж.
Пасля набажэнства Аляксандр Субоцін падзяліўся сваімі пачуццямі.
– Вялікдзень – гэта час адраджэння, надзеі, вясны. З гэтымі пачуццямі ўсе вернікі ідуць у храм. Словы «Хрыстос уваскрос!» сімвалізуюць веру ў светлае, добрае і даюць надзею на Божую мілату, – падкрэсліў кіраўнік вобласці.