Аляксандр Субоцін: «Развіццё СЭЗ «Віцебск» будзем падтрымліваць»

Магчымыя напрамкі развіцця і механізмы падтрымкі трэба будзе вызначыць у бліжэйшы час у ходзе супольных кансультацый з адміністрацыяй СЭЗ і прадпрыемствамі.
— Сёння СЭЗ «Віцебск» з'яўляецца адной з асноўных кропак развіцця вобласці. Тут засяроджаны самыя перадавыя вытворчасці і тэхналогіі, у тым ліку дзякуючы створаным на гэтай пляцоўцы лепшым умовам для вядзення бізнесу, — адзначыў кіраўнік вобласці. — Менавіта таму будзем надаваць вялікую ўвагу развіццю СЭЗ і прадпрыемствам-рэзідэнтам, усяляк іх падтрымліваць і аказваць садзейнічанне. Наперадзе нас чакае няпросты шлях, але ўпэўнены, што разам мы пераадолеем любыя цяжкасці.
Па словах Аляксандра Субоціна, у бліжэйшы час плануецца кропкава абмеркаваць працу прадпрыемстваў па галіновым прынцыпе, а таксама буйных рэзідэнтаў, у тым ліку варыянты і механізмы іх падтрымкі, вызначыць магчымыя напрамкі развіцця СЭЗ «Віцебск». Звяртаючыся да дырэктарскага корпуса, Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што трэба зрабіць брэнд «Зроблена ў Віцебскай вобласці» яшчэ больш пазнавальным і важкім, і ў гэтай працы вялікія чаканні звязаны з працай СЭЗ «Віцебск».



Падводзячы вынікі 2021 года, кіраўнік адміністрацыі СЭЗ Міхаіл Скурат паведаміў, што ў якасці рэзідэнтаў СЭЗ «Віцебск» зарэгістравана 3 новыя арганізацыі з агульным аб'ёмам заяўленых інвестыцый 3 млн дал. ва ўмовах абмежаванняў вядзення бізнесу, выкліканых сусветнай пандэміяй COVID-19, прадпрыемствы-рэзідэнты нарасцілі аб'ёмы вытворчасці прамысловай прадукцыі на 39%, тэмп росту выручкі ад рэалізацыі тавараў (прадукцыі, работ, паслуг) перавысіў 138%. Кампаніі экспартавалі тавараў амаль на 873 млн дал. (тэмп росту 157,3%), пры гэтым удзельная вага СЭЗ у экспартным паказчыку Віцебшчыны склала каля 34%.
У 2021 годзе ўдалося прыцягнуць 45 млн дал. замежных інвестыцый. Пры гэтым тэмп росту прамых інвестыцый на чыстай аснове склаўся на ўзроўні 105,4%, а доля СЭЗ «Віцебск» у аналагічным абласным паказчыку склала 46%.
Аналізуючы дасягненні і недахопы, Міхаіл Скурат зрабіў асаблівы акцэнт на павышэнні прадукцыйнасці працы і, адпаведна, неабходнасці адэкватнага росту матэрыяльнага ўзнагароджання работнікаў. Па выніках 2021-га ўзровень сярэднямесячнай зарплаты ў сярэднім па СЭЗ вырас на 21,6% і склаў 1 377 руб.
— Звяртаюся ў першую чаргу да дзяржаўных прадпрыемстваў: неабходна прыняць вычарпальныя меры па пошуку дадатковых шляхоў павышэння прадукцыйнасці працы і адпаведнага росту заработнай платы. Паважайце працу сваіх работнікаў! — заклікаў кіраўнікоў Міхаіл Скурат.


У ходзе мерапрыемства абмеркавалі магчымыя напрамкі ўзаемадзеяння адміністрацыі СЭЗ, прадпрыемстваў-рэзідэнтаў з расійскім фондам «Сколкава». У тым ліку інавацыйныя рашэнні для розных галін рэальнага сектара эканомікі, праекты па лічбавай трансфармацыі прамысловасці, прасоўванне інтарэсаў прадпрыемстваў-партнёраў на рынкі трэціх краін і шэраг іншых. Як адзначыў намеснік віцэ-прэзідэнта па рэгіянальным развіцці фонду Аляксандр Акунеў, які ўдзельнічаў у мерапрыемстве анлайн, у бліжэйшы час сумесна з віцебскімі партнёрамі трэба будзе сфарміраваць дарожную карту развіцця супрацоўніцтва.

Традыцыйна пры падвядзенні вынікаў года адміністрацыя СЭЗ «Віцебск» адзначыла асобныя дасягненні прадпрыемстваў па некалькіх намінацыях. Лепшым рэзідэнтам СЭЗ «Віцебск» па выніках працы ў 2021 годзе прызнана УП «Полімерканструкцыя». Упершыню ў гісторыі СЭЗ кампанія другі раз удастоена ганаровага звання, да якога прыкладаецца пасведчанне і пераходны сцяг адміністрацыі СЭЗ. Так, тэмп росту аб'ёму вытворчасці «Полімерканструкцыі» перавысіў 194%, выручка ад рэалізацыі прадукцыі павялічылася амаль у 2 разы, а экспарт — падвоіўся, заработная плата вырасла больш чым на траціну.
Акрамя таго, лепшымі вытворцамі 2021 года прызнаны Полацкі лясгас і ТАА «ПРА «Энергакамплект». У намінацыі «Лепшы інвестар» граматай узнагароджана ААТ «Аршанскі інструментальны завод». Лепшымі экспарцёрамі (адпаведна тавараў і паслуг) прызнаны ААТ «Віцязь» і ТАА «Сыравінныя рэсурсы-Бел». За лепшы фінансавы вынік адзначана ААТ «Полацк-Шкловалакно».
