Аляксандр Субоцін уручыў узнагароды пераможцам Міжнароднага дзіцячага конкурсу «Школьны патэнт – крок у будучыню!»

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін уручыў узнагароды 11 пераможцам Міжнароднага дзіцячага конкурсу «Школьны патэнт – крок у будучыню!» у абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы.

– Маладое пакаленне – будучыня Віцебшчыны і краіны. Дзякуючы яго ідэям і падыходам з'яўляюцца новыя дасягненні, будуецца будучыня. Калі на міжнародным узроўні нашы дзеці дасягаюць перамог, – гэта дарагога каштуе. Безумоўна, падтрымка дзяцей будзе працягвацца, каб з таленту зрабіць вялікі алмаз, – падкрэсліў Аляксандр Субоцін.

Як адзначыла дырэктар Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Раіса Сухарукава, установа з'яўляецца Прадстаўніцтвам Міжнароднага дзіцячага конкурсу «Школьны патэнт – крок у будучыню!» па Віцебскай вобласці. Так, да ўдзелу ў фінале конкурсу, які прайшоў у Санкт-Пецярбургу, была адабрана 21 праца па розных намінацыях.

– Другі год запар на базе Віцебскага філіяла Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі праводзіцца рэгіянальны этап Міжнароднага дзіцячага конкурсу «Школьны патэнт – крок у будучыню!». Нам прыемна бачыць годныя вынікі нашых таленавітых дзяцей, – сказала Раіса Нікандраўна. – «Школьны патэнт» як праект быў адкрыты ў 2009 годзе, каб ацаніць дзіцячую вынаходлівасць і значнасць шматлікіх твораў і вынаходак, заахвоціць разнабаковыя таленты. Штогод у свеце тысячы дзяцей і падлеткаў вынаходзяць розныя прыстасаванні і гульні, ствараюць і мадыфікуюць робаты і тэхніку.

Праект таксама накіраваны на распаўсюджванне ведаў аб інтэлектуальнай уласнасці сярод школьнікаў, прыцягненне рабят да дзейнасці ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, развіццё творчых і інтэлектуальных здольнасцей школьнікаў. Між тым аўтары ўсіх унікальных і карысных вынікаў атрымліваюць кансультацыі вядучых экспертаў Расіі, прававую падтрымку і дапамогу ў афармленні заявак на інтэлектуальную ўласнасць.

Пераможцы Міжнароднага дзіцячага конкурсу «Школьны патэнт – крок у будучыню!»:

1-е месца

– Уладзіслаў Шатовіцкі (СШ №6 Оршы) у намінацыі «Майстар дызайну», напрамак: машыны і лятальныя апараты XXII стагоддзя.

– Раман Ряўцаў і Павел Сыс (Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі) у намінацыі «Вынаходніцтва», напрамак: іншыя тэхнічныя вырабы, прыборы і спосабы.

– Аляксей Корнішаў (Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі) у намінацыі «Вынаходніцтва», напрамак: робататэхніка.

– Паліна Седлоўская і Уладзіслаў Лепешкін (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі) у намінацыі «Вынаходніцтва», напрамак: новыя прыстасаванні для паляпшэння якасці жыцця і стварэння ўніверсальнага безбар'ернага асяроддзя для маламабільных груп насельніцтва.

– Мілана Яскевіч (яслі-сад – сярэдняя школа №10 Оршы) у намінацыі «Навукова-даследчая праца», напрамак: прыродазнаўчыя навукі.

– Арцём Гетаўт (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі) у намінацыі «Прамысловы дызайн», напрамак: шаблон сайта.

2-е месца

– Уладзіслаў Крэсік (СШ №9 Орша) у намінацыі «Вынаходніцтва», напрамак: іншыя тэхнічныя вырабы, прыборы і спосабы.

– Мар'яна Садкоўская, Максім Батурскі і Вадзім Міхайлаў (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі) у намінацыі «Прамысловы дызайн», напрамак: іншыя дызайнерскія рашэнні.

3-е месца

– Ягор Конанок (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі) у намінацыі «Вынаходніцтва», напрамак: экалагічныя праекты.

– Віктар Ціханка (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі) у намінацыі «Рэжысёрскі погляд», намінацыя: мультыплікацыя.

"Віцебскія весці"