Аляксандр Субоцін сустрэўся з калектывам і наведаў вытворчасць прадпрыемства «ВІК – здароўе жывёл»
Кіраўнік вобласці адзначыў, што фармацэўтычная галіна сёння найбольш тэхналагічная, таму на Віцебшчыне робяць на яе стаўку.
– Сёння планаваўся выязны прыём грамадзян і мы сумясцілі яго з наведваннем аднаго з вядучых прадпрыемстваў фармгаліны нашага рэгіёну, – сказаў Аляксандр Субоцін. – Актуальнасці гэтаму пытанню дадае і тое, што мы спрабуем сфарміраваць біяфармтэхналагічны кластар, таму хочам паглядзець на паспяховыя падыходы працы тут, каб у далейшым выкарыстоўваць іх на іншых прадпрыемствах. Для нас фармацэўтычная галіна важная, пра гэта на нарадзе казаў і Прэзідэнт Беларусі. Гэта будзе адным з вядучых праектаў, які паспрыяе далейшаму развіццю і ўздыму паўночнага рэгіёну краіны.
Большая частка прадукцыі, якая выпускаецца прадпрыемствам, адносіцца да імпартазамяшчальнай і экспартна арыентаванай. У цяперашні час асартыментны пералік тавараў, якія вырабляюцца на «ВІК – здароўе жывёл», – звыш 300 найменняў лекавых сродкаў, касметыка і сродкі догляду для жывёл Doctor VIC, касметыка фармацэўтычнай якасці для людзей пад брэндам SelfieLab.
«ВІК – здароўе жывёл» складаецца з двух цэхаў. Прадпрыемства ў цяперашні час загружана, працуе ў тры змены. Каб забяспечыць патрэбы заказчыкаў, праца вядзецца і ў выхадныя дні. Як запэўніў дырэктар прадпрыемства Ілья Курганаў, прастояў на вытворчасці няма.
– Ужо завяршаецца праект па будаўніцтве новага цэха, дзе на паток будуць пастаўлены катэгорыі лекаў для жывёл – стэрыльныя ін'екцыйныя завісі, супрацьмастытныя шпрыцы і рассыпка стэрыльнага парашку, – дадаў Ілья Курганаў. – Аб'ект узведзены, змантаваны ўвесь аб'ём канструкцый чыстых памяшканняў. У цяперашні час чакаем пастаўкі абсталявання, каб прыступіць да выпуску інавацыйнай прадукцыі, якая адносіцца да разраду імпартазамяшчальнай.