Аляксандр Хітроў стаў уладальнікам «Залатога пяра» – памятнага прыза дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў за лепшае асвятленне ў СМІ
Аляксандр Сідоранка адзначыў, што ўзнагароду Аляксандр Уладзіміравіч атрымлівае па праве і дадаў: «Не было такога мерапрыемства на нашым форуме, каб я не бачыў яго ў першых шэрагах журналістаў». І, сапраўды, як прызнаўся карэспандэнту «ВВ» Аляксандр Хітроў, ён са «Славянскім базарам» з самага першага дня. Больш таго, шукаў і знаходзіў для шматтысячнай аўдыторыі чытачоў мясцовай і рэспубліканскай прэсы цікавыя ракурсы яшчэ на Фестывалі польскай песні.
Таксама Аляксандр Сідоранка ўручыў падзяку карэспандэнту газеты "Навіны тыдня" Іне Шэйхатовіч (Ізраіль). Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Беларусі былі ўзнагароджаны прадстаўнікі газет "Савецкая Беларусь", "Культура" і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Такімi прыемнымi момантамi адзначылася ўрачыстае адкрыццё міжнароднага прэс-цэнтра XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў. Прысутнічала на цырымоніі першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга прывяла вядомую фразу: «Калі падзеі няма ў прэсе, яе няма наогул», і падкрэсліла, што ў рамках форуму запланавана шмат цікавых праектаў, таму кожны журналіст абавязкова знойдзе тое, што прыйдзецца яму даспадобы. А намеснік міністра інфармацыі Беларусі Сяргей Хільман паведаміў, што асвятляць мерапрыемствы сёлетняга «Славянскага базару ў Віцебску» будуць больш за 350 журналістаў з 14 краін. «Гэта сведчыць аб тым, што цікавасць да фестывалю не згасла, падзея застаецца актуальнай для журналістаў, а значыць, і для гледацкай, і чытацкай аўдыторыі», – сказаў Сяргей Хільман і пажадаў прысутным, каб яны атрымалі не толькі творчую ежу, але і сталі больш дружнымі. Бо кансалідуючая місія віцебскага форуму накладвае свой адбітак і на журналістаў, якія аб'ядноўваюць намаганні ў імкненні праўдзіва, аператыўна і цікава расказаць свету пра «Славянскі базар».
Алена Пятрова, "Віцебскія весці"