Аляксандр Хрыстафораў: «Служба занятасці не толькі аказвае садзейнічанне ў працаўладкаванні, але і дае магчымасць асвоіць новую прафесію»

Александр Христофоров: «Служба занятости не только оказывает содействие в трудоустройстве, но и дает возможность освоить новую профессию»
Больш за 880 тысяч грамадзян працаўладкаваліся дзякуючы службе занятасці за 30 гадоў яе працы. Напярэдадні юбілейнай даты карэспандэнт «Віцебскіх вестак» сустрэўся са старшынёй камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандрам Хрыстафоравым.

30 мая 1991 года ў нашай краіне быў прыняты Закон «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь», які вызначыў прававыя, эканамічныя, сацыяльныя і арганізацыйныя асновы рэгулявання занятасці насельніцтва і фактычна паклаў у нашай краіне пачатак аднаму з інстытутаў рынкавай эканомікі – дзяржаўнай службе занятасці насельніцтва. Служба занятасці Віцебскай вобласці сёння – эфектыўна развіваецца структура, якая выкарыстоўвае ў працы ўвесь спектр сучасных тэхналогій аказання дзяржаўных паслуг.

– Аляксандр Мікалаевіч, якія найважнейшыя прыярытэты вызначаны ў службе на найбліжэйшую пяцігодку?

– Гэта павышэнне гнуткасці рынку працы і развіццё яго інфраструктуры. Працаўладкаваць беспрацоўных, скараціць нелегальную занятасць, палепшыць якасць працы, эфектыўней выкарыстоўваць працоўныя рэсурсы ва ўмовах пераходу на інавацыйны шлях развіцця. А галоўная задача была і застаецца – клопат пра людзей, зрабіць усё, каб чалавек знайшоў сябе на рынку працы і атрымаў магчымасць рэалізавацца.

 За тры дзесяцігоддзі пры садзейнічанні службы занятасці на пастаянную працу працаўладкаваліся больш за 880 тысяч чалавек. Гэта вынік цеснага супрацоўніцтва спецыялістаў органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з уладай, наймальнікамі ўсіх форм уласнасці, грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі.

– Што павышае эфектыўнасць узаемадзеяння службы занятасці, наймальнікаў і шукальнікаў працы?

– Электронныя кірмашы вакансій, якія праводзяцца ў вобласці з 2019 года. Удзельнічаючы ў электронных кірмашах вакансій на адзінай інфармацыйнай пляцоўцы e-vacancy.by, шукальнікі могуць у рэжыме анлайн мець зносіны з наймальнікамі, задаваць пытанні па цікавых вакансіях.

Акрамя таго, служба занятасці не толькі аказвае садзейнічанне ў працаўладкаванні, але і дае магчымасць павысіць кваліфікацыю, асвоіць новую прафесію.

– Колькі беспрацоўных атрымалі новую прафесію?

– За 30 гадоў больш за 85 тысяч чалавек змаглі прайсці перападрыхтоўку, атрымаць новую прафесію, павысіць кваліфікацыю. У цяперашні час навучанне арганізуецца па 35 прафесіях, такіх як маляр, тынкоўшчык, абліцоўшчык, плітачнік, электрагазазваршчык, слесар-сантэхнік, электраманцёр па рамонце электраабсталявання, слесар па рамонце аўтамабіляў, повар, прадавец, цырульнік, кандытар, майстар па манікюры і педыкюры, кіроўца пагрузчыка і інш. План-графік навучання штоквартальна размяшчаецца на сайце аблвыканкама.

Акрамя таго, у выпадку адсутнасці прыдатнай вакансіі па месцы жыхарства беспрацоўнага і пры наяўнасці вакансіі з прадастаўленнем жылля ў іншым населеным пункце на тэрыторыі Беларусі служба занятасці са згоды беспрацоўнага можа садзейнічаць у перасяленні з прадастаўленнем фінансавай дапамогі і кампенсацыі расходаў на пераезд. З 1994 года пры фінансавай падтрымцы службы занятасці месца жыхарства ў мэтах працаўладкавання змянілі 2277 сем'яў, якія маюць у сваім складзе беспрацоўных грамадзян.

– Якую дапамогу аказваеце ў арганізацыі ўласнай справы?

– Кансультатыўная, метадычная і бязвыплатная фінансавая падтрымка ў выглядзе субсідыі для арганізацыі ўласнай справы прадастаўляецца грамадзянам, зарэгістраваным у якасці беспрацоўных.

Больш за 8,5 тыс. беспрацоўных рэгіёну атрымалі субсідыі для арганізацыі самазанятасці. Памер субсідыі складае 11 велічынь бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва пры арганізацыі ўласнай справы ў гарадской мясцовасці і 15 БПМ – у сельскай мясцовасці. Сёння гэта каля 3 тысяч рублёў і 4,1 тысячы рублёў адпаведна.

– У апошнія гады палітыка занятасці набывае ўсё большую адрасную накіраванасць на карысць сацыяльна ўразлівых катэгорый насельніцтва?

– Мы захоўваем нязменны курс палітыкі сацыяльна арыентаванай дзяржавы, праяўляем клопат пра ўсіх сваіх грамадзян. Імкнемся падтрымаць тых, каму сёння складаней: гэта ў першую чаргу інваліды, для якіх з 2019 года рэалізуем новы напрамак – суправаджаемае працаўладкаванне, а таксама непаўналетнія і прафесійна непадрыхтаваная моладзь, асобы пенсійнага ўзросту, адзінокія і шматдзетныя бацькі, якія выхоўваюць дзяцей да 18 гадоў, грамадзяне, якія вярнуліся з устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС.

– Што хочаце пажадаць сваім супрацоўнікам напярэдадні свята?

– Шчыра ўдзячны ўсім супрацоўнікам службы занятасці насельніцтва, ветэранам за ўклад у агульную справу эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці. Перакананы, што вашы прафесіяналізм, энтузіязм, чуласць і добрасумленнае стаўленне да справы і надалей будуць накіраваны на тое, каб зрабіць рэгіён квітнеючым, а землякоў – паспяховымі і запатрабаванымі на рынку працы.

Выказваю падзяку галоўным партнёрам – працадаўцам вобласці – за канструктыўны дыялог па садзейнічанні занятасці!

Жадаю ўсім прафесійнага росту і новых дасягненняў у рэалізацыі задач дзяржаўнай палітыкі занятасці.

– Дзякуй за гутарку.

"Віцебскія весці".