Аляксандра Рыбака запрашаюць на «Славянскі базар у Віцебску»
25 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пераможцу "Еўрабачання-2009" Аляксандра Рыбака чакаюць на XVIII Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамляе афіцыйны сайт фестывалю.
Па словах арганізатараў "Славянскага базару", вядуцца перамовы аб тым, каб нарвежац беларускага паходжання прыняў удзел у канцэрце ўрачыстага адкрыцця форуму мастацтваў. Юбілейны фестываль падорыць сваім гледачам сустрэчу з шматлікімі зоркамі. Упершыню ў Віцебску пачуюць Сару Коннар, Лару Фабіян. З сольнымі канцэртамі выступяць Валерый Меладзэ, Сафія Ратару, Барыс Маісееў і яго шоу-балет, Надзея Кадышава. Свой юбілей на сёлетнім фестывалі адзначыць Валерый Леанцьеў, які самы першы канцэрт у фестывальным Віцебску даў 18 ліпеня 1992 года.
На "Славянскі базар" сёлета прыедуць прадстаўнікі з больш чым 30 дзяржаў. У XVIII Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009" упершыню прыме ўдзел конкурсант з Бразіліі, а ў VII Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск-2009" будуць упершыню прадстаўлены Таджыкістан і Чарнагорыя. Пераможца і лаўрэаты Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009" вызначацца з 17 прэтэндэнтаў. У дзіцячым конкурсе выступяць 20 юных выканаўцаў. Журы XVIII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009" узначаліць народны артыст Расіі Мікалай Баскаў, а журы VII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2009" - вядомы беларускі кампазітар народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны.
На фестываль пасля шматгадовага перапынку вяртаецца паэзія. Яўген Еўтушэнка раскажа свой "Раман з жыццём" на аднайменным творчым вечары. "Тэатральныя сустрэчы" падораць, без сумневу, аншлагавыя спектаклі маскоўскага тэатра "На паўднёвым-захадзе", Рыжскага рускага тэатра ім. А.П. Чэхава, Тэатра Эмануіла Віторгана. Свой монаспектакль "Пра сяброў, пра прафесію, пра сябе" прывязе ў Віцебск Міхаіл Козакаў.
У фармаце фестывалю пройдуць канцэрты майстроў мастацтваў з Беларусі, Расіі і Украіны.
Квіткі на канцэртныя і тэатральныя праграмы XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" паступяць у продаж на працягу бліжэйшых дзён. Фестываль пройдзе з 10 па 16 ліпеня.-0-