Алена Ланская лідзіруе па выніках першага дня на конкурсе выканаўцаў «Віцебск-2011»
12 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларуская ўдзельніца конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" на "Славянскім базары" Алёна Ланская лідзіруе па выніках першага спаборніцкага дня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З 90 магчымых балаў маладая спявачка набрала 89. Аднак расслабіцца ў другі конкурсны дзень, калі давядзецца выконваць песню ў суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркстра Беларусі, ёй не давядзецца. З разрывам усяго ў адзін бал ад яе адстаюць Уладзімір Квасніца з Украіны і Давід Дэйл з Чэхіі. Следам за тройкай лідараў ідзе Рута з Літвы з 86 баламі. Па 83 балы набралі Дзімітр Атанасаў з Балгарыі, Алішэр Карымаў з Казахстана, Крысціна Скарлат з Малдовы і Мары Карнэ з Расіі.
Віцебская публіка, як заўсёды, была добразычлівая да маладых артыстаў, сустракала іх бурнымі апладысментамі і не хавала сваіх эмоцый, калі ацэнкі журы не супадалі з яе меркаваннем. Шчырую сімпатыю залы заваявалі Алішэр Карымаў, Уладзімір Квасніца і Крысціна Скарлат.
Сёння конкурс завершыцца, аднак інтрыга захаваецца да заўтрашняга дня, бо ўладальнік найбольшай колькасці балаў не заўсёды атрымлівае Гран-пры фестывалю. Акрамя таго, па ўмовах конкурсу журы можа дзяліць другую і трэцюю прэміі.
У ХХ Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" прымаюць удзел 20 выканаўцаў з 20 краін. Журы ўзначальвае міністр культуры Беларусі Павел Латушка.-0-