Алгарытм праверкі подпісаў дакладна выкладзены ў Выбарчым кодэксе і аднолькавы для ўсіх – Дзмітрый Хома

Алгоритм праверкі подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў дакладна выкладзены ў Выбарчым кодэксе і аднолькавы для ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Пра гэта паведаміў старшыня Віцебскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Дзмітрый Хома.

Дзмітрый Хома прывёў статыстыку па Віцебскай вобласці. Так, у падтрымку вылучэння Віктара Бабарыкі пададзена 23 952 подпісы, з якіх даставернымі прызнаны 11 495, Андрэя Дзмітрыева – 11 523 (10 730), Ганны Канапацкай – 7 931 (7 650), Аляксандра Лукашэнкі – 217 367 (215 840). У Святланы Ціханоўскай было здадзена 10 976 подпісаў, з іх даставернымі пасля праверкі прызнаны 10 726, у Валерыя Цапкалы – 7 574 (3 620), у Сяргея Чэрэчня – 20 063 (18 734).

Старшыня абласной камісіі расказаў, як правяраюцца подпісы. Алгоритм прапісаны ў Выбарчым кодэксе, у прыватнасці ў арт. 61. На першым этапе вызначаюцца тыя подпісы, якія не падлягаюць уліку і праверцы. Адбракоўваюць, напрыклад, тыя, што былі сабраны на тэрыторыі аднаго раёна ў людзей, якія пражываюць у іншым.

Камісія вызначае парадак працы: якія падпісныя лісты будуць правяраць, парныя ці няпарныя, якая колькасць подпісаў будзе падлягаць праверцы і г.д. Дзмітрый Хома звярнуў увагу, што гэты парадак аднолькавы для ўсіх прэтэндэнтаў. Так, для першай праверкі ў кожнага выбіраецца не менш за 20% подпісаў, незалежна ад таго, колькі іх здалі ініцыятыўныя групы.

Спосабы выкарыстоўваюцца розныя. "Могуць накіроўвацца запыты ў розныя арганізацыі, у першую чаргу ў аддзелы па грамадзянстве і міграцыі, касава-разліковыя цэнтры, каб правесці сверку даных. Часам выкарыстоўваецца спосаб асабістага абзвону. Гэта складаная карпатлівая праца", – адзначыў Дзмітрый Хома. Калі ў выніку набіраецца больш за 15% такога браку, то прызначаецца другая праверка. Для яе бярэцца яшчэ 15% "аўтографаў". Калі і з іх больш за 15% прызнаюцца недаставернымі, то ўсе подпісы, пададзеныя за гэтага кандыдата ў камісію, прызнаюцца недаставернымі і не ўлічваюцца.

Як гэта працуе, Дзмітрый Хома растлумачыў на матэматычным прыкладзе: "Здадзена 1000 подпісаў, 200 з іх адабралі для праверкі. У выніку 30 аказаліся недаставернымі. Тады бярэцца і правяраецца яшчэ 150. Калі з іх 23 подпісы будуць недаставернымі, значыць, уся тысяча не ўлічваецца. Калі сумаваць 23 і 30, падзяліць на 350 і памножыць на 100%, то атрымліваецца больш за 15%".

Па словах старшыні Віцебскай абласной камісіі, праводзіць другую праверку давялося па трох прэтэндэнтах. У той жа час у аднаго з удзельнікаў перадвыбарнай гонкі пасля першай праверкі недаставерных подпісаў набралася на 14,86%. Паўторную не прызначалі. Подпісы не залічваліся, калі камісія не магла ідэнтыфікаваць выбаршчыка, не супадалі яго пашпартныя дадзеныя. "Дзесьці памерлыя людзі былі ў спісе, дзесьці частка запісаў была выканана адным чалавекам", - дадаў суразмоўца.

БЕЛТА.