Аліна Талай устанавіла рэкорд Беларусі ў бегу на 100 м з бар’ерамі
Аліна Талай абнавіла рэкорд Беларусі ў бегу на 100 м з бар'ерамі. Новае дасягненне 12,63 сек. было ўстаноўлена на міжнародным турніры ў нямецкім Рэгенсбургу Sparkassen Gala 2016.
Беларуска ў фінале апярэдзіла дзвюх нямецкіх бягух Надзін Хільдэбранд (12,81 сек.) і Памелу Дуткевіч (12,85 сек). Як паведамілі ў Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, вынік Талай у Рэгенсбургу пераўзышоў ранейшы рэкорд Беларусі ў бегу на 100 м з бар'ерамі, які належаў Лідзіі Юрковай (12,66 сек). Іншая лідарка зборнай Беларусі ў бегавых дысцыплінах Марына Арзамасава прыняла ўдзел у чарговым этапе "Брыльянтавай лігі" ў Бірмінгеме. Чэмпіёнка свету 2015 года ў бегу на 800 м на гэты раз перасекла фінішную стужку пятай - 1 мін. 59,97 сек. Пераможцам на гэтай дыстанцыі стала Франсін Ніёнсаба з Бурундзі - 1 мін. 56,92 сек. У забегу на 1 500 м выступіла яшчэ адна беларуска Вікторыя Кушнір, якая заняла дзявятае месца - 4 мін. 20,29 сек. Выйграла гэты забег брытанка Сара Макдональд - 4 мін. 07,18 сек. Наступны этап "Брыльянтавай лігі" адбудзецца 9 чэрвеня ў Осла.