«Алея міру» ў Наваполацку і марафон дабра ў Віцебску. На Віцебшчыне адзначаць Міжнародны дзень міру

21 верасня ў розных краінах праходзіць Міжнародны дзень міру, і прыемна адзначыць, што Віцебшчына кожны год падтрымлівае акцыю шматлікімі дабрачыннымі справамі. На гэты раз святочныя мерапрыемствы супалі са знакавай для Беларускага фонду міру датай – яго 55-годдзем.

Так, у Наваполацку з гэтай нагоды пасадзілі «Алею міру». Прадстаўнікі гарадской улады, грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі, прадпрыемстваў высадзілі каля паўсотні ліп і хмызнякоў. Гэты зялёны куток стане годным упрыгожаннем новага мікрараёна і горада ў цэлым. А памятны знак на алеі будзе нагадваць, што яна пасаджана навапалачанамі ў гонар 55-годдзя Беларускага фонду міру.  

Сваю акцыю да Дня міру прымеркавалі і валанцёры руху БРСМ «Добрае сэрца». Яны правялі ў абласным цэнтры «Дзень дабра». Хлопцы аказалі дапамогу ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, адзінокім старым, сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, падапечным сацыяльных і рэабілітацыйных цэнтраў. Яркай падзеяй па традыцыі стаў дабрачынны марафон «Усе фарбы жыцця для цябе», у рамках якога дзіцячыя і моладзевыя творчыя калектывы Віцебска падрыхтавалі творчую праграму. Пляцоўкай для правядзення канцэрта паслужыла акадэмія ветэрынарнай медыцыны. Грошы, сабраныя ад продажу білетаў, будуць накіраваны абласному спецыялізаванаму Дому дзіцяці на набыццё медыцынскага абсталявання, неабходнага для лячэння і рэабілітацыі выхаванцаў. Пэўную суму ўстанове пералічыць і абласное аддзяленне Фонду міру.     

У рамках юбілейных урачыстасцей у Оршы хутка адбудзецца адкрыццё дзіцячага дома сямейнага тыпу, у якім паселіцца сям'я, што выхоўвае 10 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Будучым новасёлам грамадская арганізацыя аказала падтрымку пры куплі бытавой тэхнікі і мэблі, ажыццяўленні рамонтных работ.   

А вось малышам, якія нарадзіліся на Віцебшчыне менавіта 21 верасня, будзе прысвоены асаблівы статус – «Дзіця міру». Як паведаміла старшыня абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава, 

Ушанаванне нованароджаных і іх бацькоў, а таксама ўручэнне адпаведных пасведчанняў запланавана на 14 кастрычніка ў абласной філармоніі ў рамках урачыстага мерапрыемства з нагоды 55-годдзя Беларускага фонду міру.

Наталля Рыжкова, «Віцебскія весці».