Алея партызанскай славы ў Віцебску дапоўніла экспазіцыю абласнога музея М. Шмырова
25 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Алея партызанскай славы дае магчымасць больш поўна адчуць дух ваеннага часу і будзе служыць наглядным прыкладам значнасці подзвігу савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны ў патрыятычным выхаванні моладзі. Аб гэтым заявіў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Генадзь Грэбнеў сёння на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця алеі і абноўленага комплексу паркавай зоны абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Шмырэва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цырымоніі прынялі ўдзел ветэраны вайны і дачка легендарнага партызанскага камбрыга Дзіна Шмырэва, а таксама кіраўнікі ўсіх раёнаў вобласці, ганаровыя госці Дня горада, які ў гэтым годзе Віцебск адзначае напярэдадні дня вызвалення абласнога цэнтра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Алея выканана ў выглядзе экспазіцыйнай рэкрэацыі пад адкрытым небам, якая узнаўляе партызанскую стаянку часоў Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя музея і парк утварылі адзіны мемарыяльны комплекс, прысвечаны партызанскаму руху.
У цэнтры алеі размясціліся чатыры зямлянкі, якія ўзведзены па арыгінальных чарцяжах 1942-1943 гадоў з кнігі таго часу "Спадарожнік партызана". Кожнае з партызанскіх збудаванняў мае сваё функцыянальнае прызначэнне: штабная, зброевая, жылая і медыцынская зямлянкі. Пры іх афармленні выкарыстаны прадметы партызанскага побыту з фондаў музея М. Шмырэва. Дапаўняюць экспазіцыю характэрныя элементы арганізацыі партызанскага лагера, у тым ліку акоп як адзін з відаў абарончых умацаванняў. Тут жа ўстаноўлена чыгуначная платформа ўзору 40-х гадоў мінулага стагоддзя як сімвал разгорнутай партызанамі рэйкавай вайны.
Удзельнікі ўрачыстай цырымоніі сталі першымі наведвальнікамі выстаўкі, якая адкрылася ў гэты ж дзень у музеі і прысвечана ганароваму грамадзяніну Віцебска балгарыну Добрыну Дзімітраву. У гады вайны ён быў камісарам спецыяльнай разведвальна-дыверсійнай групы Першай беларускай партызанскай брыгады пад кіраўніцтвам Міная Шмырэва. На выстаўцы прадстаўлена каля 40 экспанатаў, у тым ліку фатаграфіі і копіі асабістых дакументаў, якія распавядаюць пра баявы шлях Добрына Дзімітрава і яго пасляваенную дзейнасць. Пры фарміраванні экспазіцыі выкарыстаны таксама матэрыялы з фондаў музея, якія распавядаюць аб арганізацыі партызанскага руху ў вобласці і дапамагаюць сфарміраваць уяўленне аб побыце і баявой працы ўдзельнікаў супраціву. Вялікую дапамогу музею ў падрыхтоўцы выстаўкі аказалі пасольства Балгарыі ў Беларусі і абласная ветэранская арганізацыя, якая падтрымлівае сувязь з Дзімітравым, які пражывае ў Сафіі.
Выстаўка з'яўляецца працягам праекта, прысвечанага ганаровым грамадзянам Віцебска - удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, які рэалізуе абласны музей М. Шмырэва да 65-годдзя Перамогі. Добрын Дзімітраў удастоены гэтага звання ў 1988 годзе за мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Віцебшчыны і актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі.-0-