Алею Герояў адкрылі ў Верхнядзвінску
Новая славутасць з'явілася ў цэнтральным гарадскім скверы, дзе пахаваны воіны, якія загінулі пры вызваленні верхнядзвінскай зямлі. Мітынг-рэквіем сабраў на гэтым святым месцы сотні жыхароў райцэнтра. Многія прайшлі ў калоне з партрэтамі сваіх родных, далучыўшыся да акцыі «Беларусь памятае».
З вялікім светлым святам удзельнікаў урачыстасці павіншаваў старшыня райвыканкама Ігар Марковіч. Нізкі паклон за мужнасць, гераізм, бязмежную любоў да Радзімы ён перадаў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, нагадаў, якой цаной дасталася Перамога.
У гады вайны Верхнядзвінскі раён страціў кожнага другога жыхара, на яго тэрыторыі спалена 426 вёсак. Адной з самых страшных старонак беларускай гісторыі стала трагедыя асвейскай зямлі. 75 гадоў таму фашысцкія акупанты сагналі ў касцёл жыхароў вёскі Росіца і навакольных населеных пунктаў. Прарымаўшы іх там некалькі дзён, зажыва спалілі ў вялікіх сараях. Па жорсткасці карная аперацыя гітлераўскіх захопнікаў пад назвай «Зімовае чараўніцтва» пераўзышла ўсе раней праведзеныя. Былы асвейскі раён быў фактычна сцёрты з твару зямлі, знішчана больш за 20 тысяч мірных грамадзян – дзяцей, старых, жанчын.
Памяць аб земляках, якія аддалі свае жыцці за свабоду Айчыны, жыхары раёна працягваюць ушаноўваць па сённяшні дзень. Знакавай падзеяй стала адкрыццё ў скверы алеі, дзе ўстаноўлены памятныя знакі Героям Савецкага Саюза, якія праславілі верхнядзвінскую зямлю.
На гранітных плітах напісаны імёны васьмі чалавек, якія назаўжды ўпісалі свае подзвігі ў гісторыю Вялікай Перамогі: удзельнікаў баявых дзеянняў і партызанскага супраціву Андрэя Бурака, Сямёна Забагонскага, Івана Захарава, Івана Кобзуна, Эдуарда Ларыновіча, Івана Макеенка, Міхаіла Мядзеля, савецкай разведчыцы і медсястры партызанскага атрада «Бурю» Надзеі Траян.
Грамадзяне зараблялі грашовыя сродкі на стварэнне мемарыяльнага комплексу на суботніку, сваімі сіламі праводзілі добраўпарадкаванне тэрыторыі. Акрамя таго, істотную фінансавую дапамогу аказалі прафсаюзныя арганізацыі Віцебшчыны. Старшыні абласнога аб'яднання прафсаюзаў Івану Вазьміцелю кіраўніцтва раёна адрасавала падзяку за разуменне і падтрымку значнага праекта.
Да Года малой радзімы была прымеркавана яшчэ адна сімвалічная акцыя. Капсула з зямлёй, узятай з месцаў гібелі мірных жыхароў Верхнядзвінскага раёна, падчас мітынгу-рэквіема перададзена ў крыпту храма Усіх Святых у Мінску. Падчас цырымоніі протаіерэю храма-помніка Мікалаю Сухановічу рэліквію ўручыў ганаровы грамадзянін Верхнядзвінскага раёна, складальнік кнігі «Памяць» Антон Бубала, які нарадзіўся на Асвейшчыне і ў раннім дзяцінстве прайшоў праз пекла саласпилскага лагера смерці.
Як паведаміў прысутны на свяце дырэктар Беларускага культурнага цэнтра духоўнага адраджэння Аляксандр Госцеў, ужо 70 ніш храма-помніка ў сталіцы Беларусі заняты зямлёй з месцаў пахавання нашых суайчыннікаў. І гэтая праца будзе працягвацца, каб у стагоддзях жыла памяць пра герояў.
Завяршылася праграма мерапрыемстваў у гарадскім парку Верхнядзвінска, дзе адбыўся вялікі канцэрт, былі арганізаваны шматлікія тэматычныя выставы, спартыўныя спаборніцтвы і культурныя акцыі.