Алею лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта ў Віцебску пераўтвораць у Плошчу зорак
Алея лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення” у Віцебску будзе пераўтворана ў Плошчу зорак фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Гэтае пытанне сёння абмяркоўвалася падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандра Косінца.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта даў даручэнні па рэканструкцыі і пашырэнні месца, дзе ўвекавечаны імёны дзеячаў культуры, якія неадрыўна звязаны са “Славянскім базарам у Віцебску”. “Яны зоркі віцебскага фестывалю, таму што атрымалі ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі”, – канстатаваў кіраўнік Адміністрацыі. Ён даў указанні па ўдасканаленні зорнага месца, якое з’яўляецца адной з славутасцей Віцебска. Работы павінны быць завершаны да пачатку цяперашняга ХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў.
Алея зорак закладзена ў 2009 годзе на тэрасе Летняга амфітэатра і добра бачна з усіх аглядных пляцовак. На ўваходзе размешчана стэла, якую вянчае статуэтка дзяўчыны з вянком у руках. Гэта павялічаная копія прыза, які з 2005 года штогод уручаецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення”. На самой пляцоўцы размешчаны квадраты з паліраванага граніту з сімвалам фестывалю – кветкай васілька, на кожнай пліце напісана імя ўладальніка і год уручэння прэстыжнай прэміі. У розныя гады ўладальнікамі ўзнагароды станавіліся Эдыта П’еха, Леў Лешчанка, Ала Пугачова, Сафія Ратару, Аляксандра Пахмутава, Валерый Леанцьеў, “Песняры”, Ігар Лучанок, Надзея Бабкіна, Полад Бюльбюль аглы. Першым лаўрэатам узнагароды ў 2005 годзе стаў расійскі кампазітар Андрэй Пятроў.
Алена Ціханава, БЕЛТА.