Алею Славы знакамітых землякоў адкрылі ў Расонах

Аллею Славы прославленных земляков открыли в Россонах
У Расонах адкрылі Алею Славы, на якой увекавечаны імёны людзей, што праславілі гэты край.

Ідэя ўзвесці памятны архітэктурны комплекс каля раённага Музея баявой садружнасці нарадзілася летась падчас суботніка на мемарыяле ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Старшыня аблсавета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, які тады працаваў разам з расонцамі і прыехаў на адкрыццё Алеі Славы, адзначыў сімвалічнае супадзенне абставін.

– Так супала, што суботнік праходзіў у дзень 75-годдзя гібелі маці Пятра Міронавіча Машэрава Дар'і Пятроўны, якая пахавана на мемарыяльным комплексе, а ў дзень 100-годдзя з дня нараджэння нашага праслаўленага земляка мы адкрываем Алею Славы. І ў гэтым я бачу глыбокі сімвалізм. Важна, што сёння ёсць ветэраны вайны, працы, якія памятаюць увекавечаных тут герояў, ваявалі, працавалі з імі, могуць расказаць пра іх. Наша задача не проста памятаць, а быць годнымі гэтых вялікіх людзей, – падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч.

На сямі гранітных плітах выгравіраваны імёны тых, хто залатымі літарамі ўпісаны ў летапіс расонскага краю. Адкрывае Алею Славы стэла ў гонар Героя Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, віднага дзяржаўнага дзеяча Пятра Машэрава, які любіў тутэйшую зямлю, нямала зрабіў для росквіту Расоншчыны. У адзін шэраг устаноўлены памятныя знакі, на якіх увекавечаны Героі Савецкага Саюза: партызанскі разведчык Уладзімір Хомчаноўскі, ваенны лётчык Сцяпан Жукаў, артылерыст, які асабліва вызначыўся ў баях пры ўзяцці Берліна, Аляксандр Шыляпень, поўны кавалер ордэна Славы, які адважна змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай, Павел Рубіс, а таксама Героі Сацыялістычнай Працы – звянавод калгаса «Расоны» Ганна Гарэцкая і свінарка саўгаса «Расонскі» Таццяна Хмялькова.

Гэтыя героі, як адзначыў старшыня Расонскага райвыканкама Уладзімір Быкаў, – прыклад самаадданага служэння Радзіме і любові да роднага краю. Агульная памяць, падкрэсліў кіраўнік раёна, аб'ядноўвае і збліжае людзей.

– Усе жыхары падтрымалі ідэю стварэння алеі. Мы правялі тры суботнікі, сабралі грошы для ўсталявання мемарыяльных пліт. Я прыехаў у Росаны ў 1980 годзе, удалося пагутарыць з Паўлам Іванавічам Рубісам. Як многія франтавікі, якія перажылі цяжкасці вайны, ён не любіў расказваць пра свае баявыя подзвігі, з цяжкасцю яго ўгаворвалі выступіць на нейкіх мерапрыемствах. Пераконвала тое, што маладое пакаленне павінна ведаць, як усё было, не толькі з падручнікаў па гісторыі, але і ад відавочцаў, – расказаў старшыня Расонскага раённага Савета дэпутатаў Генадзь Фёдараў.  
Сваімі ўражаннямі ад сустрэч з Пятром Машэравым падзялілася старшыня Расонскага савета ветэранаў Інна Паведайла. Іне Іванаўне было ўсяго 19 гадоў, калі ўзначаліла Роўнапольскі сельсавет.

– У Роўнае Поле Пётр Міронавіч не раз прыязджаў, заўсёды хадзіў на магілу, дзе пахаваны яго сябры па партызанскім атрадзе. Пабудаваў дамы для сем'яў загінуўшых. А як яго сустракалі людзі! Прыходзілі з суседніх вёсак, многіх ён ведаў па імёнах. На абед мы варылі бульбу ў мундзіры і таўклі ільнонасенне. Я думала, як такую ежу можна падаваць такому вялікаму чалавеку, але, тыя, хто ведаў Пятра Міронавіча, сцвярджалі, што гэта яго любімая страва, якую ён дзяліў з сябрамі-партызанамі, – расказала Інна Іванаўна.

Сёння ў раённай ветэранскай арганізацыі лічыцца толькі 16 удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Адзін са старэйшых Канстанцін Палявечка, які ваяваў у адным атрадзе з Пятром Машэравым. Падчас урачыстасці ён таксама падзяліўся сваімі ўспамінамі. Ёсць што расказаць і Ганне Трашчэнцы, якая ў 1980-х гадах працавала старшынёй калгаса «Росаны».

– Я пазнаёмілася з Ганнай Савельеўнай Гарэцкай, калі яна ўжо не працавала ў гаспадарцы, але заўсёды цікавілася справамі, перажывала, калі нешта не так. Па расказах людзей, вялікая працаўніца была. У яе гасцяваў Машэраў, які ведаў яе па партызанскім атрадзе, Ганнушкай называў. Аднойчы, калі я Пятра Міронавіча суправаджала ў паездцы па калгасе, мы спыніліся каля дома Ганны Савельеўны, яна вуліцу падмятала, запрасіла яго на абед. Ён зайшоў, нахвальваў яе бульбу, малака выпіў, – падзялілася Ала Сяргееўна.

На цырымоніі адкрыцця Алеі Славы не раз падкрэслівалі, што на яе стварэнне, як і на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу, пайшлі толькі народныя грошы, заробленыя падчас раённых і абласнога суботнікаў. Шматлікія жыхары не толькі Расоншчыны, але і ў цэлым Віцебшчыны ўнеслі ўклад у гэту святую справу. Наступны крок – рэканструкцыя Музея баявога садружнасці. Па словах Уладзіміра Церанцьева, Расоны закліканы стаць цэнтрам памяці Пятра Машэрава, іншых герояў партызанскага руху, удзельнікаў Вялікай Айчыннай.

Свой уклад у гэта ўнеслі гісторыкі, краязнаўцы, музейныя супрацоўнікі з Мінска, Віцебска, Полацка, якія прынялі ўдзел у першай маштабнай навукова-практычнай канферэнцыі «Расонскі край: гісторыя, культура, людзі». Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч перадаў кнігі. Музейная бібліятэка папоўнілася і томам «Пётр Машэраў. Эпоха і лёс», выдадзеным беларусамі Расіі.

Пасля памятных мерапрыемстваў прайшло першае рабочае пасяджэнне штаба па рэканструкцыі Музея баявога садружнасці.

"Віцебскія весці".