Алею Славы заклалі ў Віцебску ў рамках рэспубліканскага суботніка (АБНАЎЛЕННЕ)

Аллею Славы заложили в Витебске в рамках республиканского субботника (ОБНОВЛЕНО)

Падчас рэспубліканскага суботніка старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, кіраўніцтва вобласці, Віцебска, адміністрацыі Першамайскага раёна разам з жыхарамі горада заклалі ў парку 1000-годдзя ў Віцебску памятны знак і Алею Славы ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

За Палацам спорту з ранняй раніцы працавала тэхніка, выраўноўваючы тэрыторыю будучай алеі. Следам работнікі ТАА «ПлісаСтрой» ушчыльнялі аснову пад тратуарную плітку і тут жа яе ўкладвалі. Супрацоўнікі абл- і гарвыканкама, падатковай службы Першамайскага раёна, прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый, віцябляне прыводзілі ў парадак і ўмацоўвалі камянямі берагі вадаёма. Працавала каля 200 чалавек. Многія прыйшлі на суботнік разам з дзецьмі. Пяцігадовая Арына трымала ў руках лапатку, каб разам з мамай пасадзіць туі.

– Часта з дачкой гуляю ў гэтым парку. Вельмі рады, што ён добраўпарадкуецца. Цяпер будзем назіраць, як растуць пасаджаныя намі дрэўцы, – сказала падатковы супрацоўнік Інна Корбан.

Кароткі інструктаж па тэхніцы бяспекі – і прыступаюць да працы спікер парламента, кіраўнікі вобласці і горада. Уладзімір Андрэйчанка падзяліўся вопытам пасадкі дрэў: каб яны добра прыжываліся, карані саджанцаў трэба размяшчаць у лунцы на горцы чарназёму.

У інтэрв'ю журналістам Уладзімір Паўлавіч адзначыў, што з асаблівымі пачуццямі наведвае малую радзіму. На Віцебшчыне прайшло яго дзяцінства, юныя гады, усё працоўнае жыццё, за выключэннем двух гадоў, калі служыў у арміі. Таму яму так блізкія словы: «Дзе б ты ні быў, кім бы ты ні быў, памятай, адкуль ты родам». Суботнік – не разавая акцыя, а традыцыя, якая склалася і аб'ядноўвае народ.

–Толькі ўпартай працай, вырашэннем эканамічных пытанняў, павышэннем дабрабыту людзей і адстойваннем суверэнітэту можна забяспечыць бяспеку дзяржавы. Пра гэта гаварыў і Прэзідэнт у Пасланні да беларускага народа. У Год малой радзімы і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў абавязак кожнага беларуса – захаваць і зберагчы адваяванае бацькамі і дзядамі, – падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.

Праз пару гадзін працы ўжо выразна праглядалася Алея Славы. Уздоўж шырокай пешаходнай дарожкі (будучы бульвар) па абодва бакі пасаджаны шарападобныя зялёныя туі, за імі – ліпы, у апошнім радзе – клёны. Работнікі «Зелянгаса» падрыхтавалі для пасадкі 600 адборных саджанцаў. Па словах намесніка дырэктара па вытворчасці Валянціны Шэндзюковай, яны абавязкова прыжывуцца, таму што пасаджаны з любоўю, а зелянгасаўцы дапамогуць ім.

-- У ліку прыгожых месцаў для адпачынку віцябчан парк 1000-годдзя зойме годнае месца, -- адзначыў старшыня гарвыканкама Віктар Нікалайкін. – Добраўпарадкаванню папярэднічала карпатлівая праца праекціроўшчыкаў, землеўпарадчыкаў, геолагаў, бо на велізарнай тэрыторыі ў 19 гектараў шмат падземных камунікацый і не хацелася марнатраўства грошай і сіл.

Сімвалічна, што ў парку 1000-годдзя закладзена Алея Славы, якая стане цэнтрам прыцягнення для адпачывальнікаў і гасцей горада. Працягласць пешаходных дарожак па ўсім парку складзе чатыры кіламетры, прадугледжана веладарожка.

У мэтах папярэджання вандалізму ўсталюем відэаназіранне. Гульнявыя комплексы, лаўкі, альтанкі, клумбы, фантаны і нават невялікі амфітэатр, дзе будуць праводзіць культурныя мерапрыемствы, – усё гэта ў найбліжэйшай перспектыве.

Дарэчы, падчас суботніка на розных аб'ектах у вобласці працавалі 355 тысяч чалавек. Заробленыя звыш 860 тысяч рублёў пойдуць на прывядзенне ў парадак памятных мясцін, воінскіх пахаванняў, гісторыка-культурных каштоўнасцей, падрыхтоўку лагераў да летняга сезона, добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый і населеных пунктаў.

"Віцебскія весці".