Альпінарый, сад камянёў і вадаспад з'явяцца ў Батанічным садзе Віцебскага дзяржуніверсітэта
15 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Альпінарый, сад камянёў, вадаспад і фантаны з'явяцца ў Батанічным садзе пасля рэканструкцыі, да якой прыступілі супрацоўнікі гэтага вучэбна-навуковага падраздзялення Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар Батанічнага саду Юрый Высоцкі.
Батанічны сад плошчай 4 га размешчаны ў цэнтральнай частцы Віцебска і спускаецца некалькімі тэрасамі да пойменнай даліны ракі Віцьбы, па беразе якой ствараецца гарадская зона адпачынку. Месцазнаходжанне саду дае магчымасць зрабіць яго неад'емнай часткай стваранай зялёнай зоны, своеасаблівым звязуючым звяном паміж цэнтрам горада і набярэжнай ракі, а таксама дазволіць пашырыць асветніцкія функцыі падраздзялення ВДУ. Цяпер распрацоўваецца эскізны праект рэканструкцыі саду і вывучаюцца пытанні фінансавання.
Мяркуецца, што ў садзе будзе створана разгалінаваная дарожна-трапіначная сетка для больш поўнага знаёмства з "начынкай" саду, з'явяцца элементы паркавага добраўпарадкавання (фантаны, дэкаратыўны вадаспад, міні-вадаём і інш.). Акрамя знаёмства з навуковымі калекцыямі наведвальнікі атрымаюць магчымасць пашырыць свае веды асноўных стыляў ландшафтнай архітэктуры дзякуючы створаным у садзе узорам. Акрамя таго, распрацоўваюцца экскурсійныя праграмы, якія будуць уключаць знаёмства з асновамі ландшафтнага дызайну і сучаснага кветаводства, уладкавання кветнікаў, дарожак, газонаў. "Батанічны сад павінен стаць узорам азелянення ў горадзе, пасля наведвання якога жыхары змогуць не толькі пашырыць свае ўяўленні аб раслінах, але і прымяніць атрыманыя веды па прыёмах азелянення і ландшафтным дызайне, напрыклад, на дачы або каля дома ў двары", - адзначыў Юрый Высоцкі.
Батанічны сад Віцебскага дзяржуніверсітэта вядзе сваю гісторыю з 1919 года. Сёння тут сабрана другая па колькасці жывых раслін калекцыя ў Беларусі, якая налічвае больш за 2,5 тыс. відаў, у тым ліку ахоўных і рэдкіх прадстаўнікоў флоры Беларусі і іншых геаграфічных рэгіёнаў. Спецыялісты саду вядуць работу па інтрадукцыі і акаліматызацыі новых для паўночнай кліматычнай зоны раслін для іх наступнага выкарыстання ў розных відах дзейнасці.-0-