Альтернатыўнай службай замест вайсковай змогуць скарыстацца навабранцы восеньскага прызыву на Віцебшчыне
Ад зладжанай і аператыўнай работы ваенкаматаў залежыць камплектаванне Узброеных Сілаў, што з'яўляецца асновай абараназдольнасці дзяржавы. Таму гэтыя органы мясцовага ваеннага кіравання павінны функцыянаваць як гадзіннік і адпавядаць сучасным выклікам. Аб праведзеных у іх структурных зменах і стаўленні маладых людзей да службы ў арміі «Віцебскім весткам» распавёў ваенны камісар вобласці палкоўнік Ігар Мартынаў.
– У мінулым годзе на Віцебшчыне былі рэарганізаваны некаторыя ваенныя камісарыяты, што дазволіла знізіць выдаткі на ўтрыманне будынкаў і службовых памяшканняў, скараціць аб'ём дакументаабароту, колькасць ваеннаслужачых і абслуговага персаналу. На ўзроўні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, стане воінскага ўліку гэта не адбілася. Пераўтварэнні закранулі толькі тыя раённыя падраздзяленні, на тэрыторыі якіх зарэгістравана нязначная колькасць ваеннаабавязаных і прызыўнікоў, і яны ўвайшлі ў склад 6 аб'яднаных ваенкаматаў.
– Ці ўзнікаюць праблемы пры правядзенні прызыўных кампаній?
— Гаварыць пра нейкія праблемы, на мой погляд, некарэктна. Але і сцвярджаць, што такая сур'ёзная кампанія, у якую ўцягнута вялікая колькасць грамадзян, дзяржаўных органаў і арганізацый, праходзіць без шурпатасцяў — няправільна. Ёсць шэраг цяжкасцей, негатыўных фактараў і абставін, якія ўплываюць на якасць праводзімых мерапрыемстваў. Да прыкладу, пагаршэнне стану здароўя юнакоў, якія пражываюць у вобласці. Толькі палова з іх прыдатная да праходжання вайсковай службы. Таксама сустракаюцца прызыўнікі, якія ігнаруюць патрабаванні заканадаўства па выкананні канстытуцыйнага абавязку. За мінулы прызыў было больш за 100 ухілістаў, якім давядзецца адказаць за недысцыплінаванасць — імі займаецца пракуратура.
– А калі гаварыць у цэлым, ці высокі прэстыж ваеннай службы сёння?
— Выснову аб прэстыжнасці прафесіі абаронцы Айчыны можна зрабіць па колькасці жадаючых паступіць у навучальныя ўстановы, у якіх рыхтуюць спецыялістаў для арміі. У 2015-м заяву ў ВНУ падалі каля 310 чалавек, а ў
гэтым — ужо звыш 475. На жаль, далёка не ўсім удалося прайсці прафесійны адбор, але сам факт гаворыць пра многае. Таксама цешыць, што цікавасць да афіцэрскай службы праяўляюць дзяўчаты, ад якіх сёлета ўлетку паступіла 57 заяваў.
– З 1 ліпеня ўступае ў сілу Указ Прэзідэнта «Аб альтернатыўнай службе». Як вы ставіцеся да новаўвядзення?
— Гэта патрэбны закон, які гарантуе прызыўнікам выкананне іх канстытуцыйнага права на замену ваеннай службы альтэрнатыўнай, што ўяўляе грамадска карысную дзейнасць, і сведчыць аб сацыяльнай накіраванасці нашай дзяржавы. Па папярэдніх ацэнках, падчас чарговага прызыву «Восень-2016» гэтай магчымасцю змогуць скарыстацца каля 10 чалавек. Нязначная колькасць звязана з абмежаваннямі па катэгорыях грамадзян, якім па рэлігійных ці іншых перакананнях забаронена браць у рукі зброю. Канчатковае рашэнне прымае прызыўная камісія, разгледзеўшы прадстаўленыя прэтэндэнтам матэрыялы і дакументы і пракансультаваўшыся з аддзелам па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама.
– Як ажыццяўляецца перападрыхтоўка ваеннаслужачых, якія звольніліся ў запас?
— Падрыхтоўцы і назапашванню ў запасе спецыялістаў, неабходных для якаснага камплектавання Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, намі надаецца павышаная ўвага. Планам Генеральнага штаба УС прадугледжаны цэлы комплекс мерапрыемстваў, які дазваляе мець дастатковую колькасць людзей, добра падрыхтаваных у тэорыі і на практыцы. Асаблівы акцэнт робіцца на афіцэрах запасу з вышэйшай ваеннай адукацыяй або тых, хто прайшоў тэрміновую ваенную службу. Аднак пры недахопе рэсурсаў па асобных ваенна-уліковых спецыяльнасцях ажыццяўляецца іх падрыхтоўка падчас правядзення збораў, на ваенных кафедрах і факультэтах.
– Ці праводзяцца ваенкаматамі выхаваўча-патрыятычная работа?
— Велізарныя намаганні мы прыкладаем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. У прыватнасці, толькі сёлета сумесна з мясцовымі органамі ўлады намі атрымана 16 узораў ваеннай тэхнікі ў якасці
музейных экспанатаў для іх устаноўкі на воінскіх пахаваннях і алеях воінскай славы ў Бешанковічах, Віцебску, Докшыцах, Міёрах, Расонах, Сянне і Ушачах. Акрамя таго, спецыялісты вывучаюць архіўныя дакументы, дзякуючы чаму стала вядома 245 новых імёнаў загінуўшых і пахаваных у вобласці вайскоўцаў. У рамках правядзення пошукавай работы ў першым паўгоддзі 2016-га складзена і накіравана ва ўпраўленне па увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў 7 інфармацыйных лістоў.Эдуард КАРАЛЕВІЧ, «Віцебскія весці». Фота аўтара.