А.Лукашэнка: Беларусь будзе свята выконваць свае функцыі па абароне Саюзнай дзяржавы
22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расія павінна дапамагаць Беларусі ў забеспячэнні бяспекі і абараназдольнасці Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым заявіў 22 лістапада Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даклад па Плане прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ 10 гадоў таму на Вышэйшым дзяржсавеце Саюзнай дзяржавы было прынята рашэнне аб стварэнні сумеснай расійска-беларускай групоўкі войскаў, зонай адказнасці якой у Саюзнай дзяржаве і АДКБ з'яўляецца забеспячэнне бяспекі на заходнім напрамку.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, за гэтыя гады адбыліся пэўныя змены, "у тым ліку і тых сіл, якія знаходзяцца супраць беларуска-расійскай групоўкі войскаў". "Натуральна, час ідзе, нешта мяняецца, дзесьці кардынальна, дзесьці менш. Таму нам неабходна сёння разгледзець прымяненне РГВ(с)", - сказаў ён.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дадзенае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. "Таму першае, што я хачу сказаць: мы, вядома, будзем свята выконваць свае функцыі па абароне, я лічыў, і да гэтага часу лічу, нашай агульнай Айчыны, - сказаў ён. - Няма чужой для нас Беларусі - гэта наша краіна, дзе мы жывём, дзе будуць жыць нашы дзеці, і няма чужой Расіі. З Расіяй мы заўсёды былі і будзем разам, якія б катаклізмы ні адбываліся".
"Мы, вядома, будзем выконваць свае функцыі, але мы іх можам выконваць толькі пры падтрымцы Расіі, ну хаця б узбраеннем, - адзначыў беларускі лідар. - Гэта не падыход, калі нам часам прапануюць купляць узбраенне за свой кошт, ды яшчэ па рынкавым, як яны ўмеюць гаварыць, кошце. Натуральна, што тут, на гэтым напрамку Расія зацікаўлена, каб беларуская армія была ў парадку". "Таму трэба дапамагаць. Я гэта кажу публічна, і я гэтага не баюся, магу паўтарыць дзе заўгодна", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што найсур'ёзнейшае рашэнне аб прымяненні РГВ(с) павінна прымацца на ўзроўні ВГС. "Ніякія дакументы ў рабочым парадку я падпісваць не буду. Ёсць ВГС, вось ён збярэцца - мы разгледзім гэты план. А сёння вы павінны мне далажыць. Я ведаю, што мой расійскі калега разглядаў гэты план, ён пагадзіўся з ім. Цяпер мы яго разгледзім, а на найбліжэйшым пасяджэнні ВГС зацвердзім. Гэта будзе правільна. Хаваць нам тут няма чаго, мы адкрыты для свету. Думаю, Расія таксама не збіраецца нешта хаваць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Акрамя таго, ён падкрэсліў, што Беларусь уносіць велізарны ўклад у справу міру і бяспекі, забяспечваючы не толькі сваю бяспеку, "але і братняй Расіі, ды і не толькі Расіі". "І гэта для нас пытанне выгаднае, калі хочаце, іміджавае. Яшчэ і таму мы нічога хаваць не збіраемся, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - А так нас лічаць увесь час нахлебнікамі. Грамадства павінна ведаць, што мы не нахлебнікі, а выконваем найважнейшую функцыю па абароне, у тым ліку расійскай дзяржавы. Вось у чым праўда".
Па словах Прэзідэнта Беларусі, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі з'яўляецца адной з найважнейшых функцый беларускай дзяржавы, якая ў гэтым сэнсе не з'яўляецца выключэннем. "У межах гэтай дзейнасці мы прымаем эфектыўныя меры па абароне збалансаваных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, як і прадугледжвае наша канцэпцыя, - адзначыў ён. - І, натуральна, найсур'ёзнейшую ўвагу мы ўдзялялі і будзем удзяляць забеспячэнню суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны".
Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў свеце сёння неспакойна, і сіла застаецца адным з асноўных сродкаў вырашэння супярэчнасцей. "Таму парах трэба трымаць сухім", - падкрэсліў ён.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пытанні забеспячэння ваеннай бяспекі Беларусь вырашае ў межах той архітэктуры, якая найбольш поўна адпавядае інтарэсам краіны, умацоўваючы сваю ваенную бяспеку, у тым ліку сумесна з Расіяй.
Як паведаміў журналістам Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Леанід Мальцаў, Прэзідэнт Беларусі ў цэлым адобрыў План прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі. "Але Прэзідэнтам як старшынёй Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы прынята рашэнне гэты план, паколькі гэта вельмі важны дакумент, зацвердзіць на пасяджэнні ВГС", - адзначыў ён. Адпаведнае пытанне будзе ўнесена ў парадак дня на пасяджэнні ВГС Саюзнай дзяржавы. Таксама будзе абмеркавана пытанне аб тым, у чым канкрэтна павінна заключацца ўдзел Расіі ў забеспячэнні РГВ(с). "Такое разуменне, што мы зацвердзілі план і на гэтым усё, - гэта няправільна. Бо групоўку трэба забяспечваць узбраеннем, тэхнікай, боепрыпасамі, гаруча-змазачнымі матэрыяламі і гэтак далей, - сказаў Леанід Мальцаў. - Таму гаворка і ішла аб тым, як забяспечыць справядлівае, разумнае, усебаковае забеспячэнне групоўкі. Ніхто не збіраецца нешта з сябе спіхваць або на кагосьці ўзлагаць".-0-