А.Лукашэнка: Беларусь уступае другое дзесяцігоддзе XXI стагоддзя ў прынцыпова новай геапалітычнай рэальнасці

19 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь уступае ў другое дзесяцігоддзе XXI стагоддзя ў прынцыпова новай геапалітычнай рэальнасці. Аб гэтым заявіў сёння кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы пасяджэнне Савета бяспекі Беларусі па пытанні "Аб зацвярджэнні новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і дакументаў, звязаных з яе рэалізацыяй", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Складзеная з часоў заканчэння Другой сусветнай і халодных войнаў сістэма міжнародных адносін адыходзіць у мінулае. Трансфармацыі, якія адбываюцца ў свеце, беспрэцэдэнтныя па маштабах і дынаміцы. Складаныя працэсы абумоўлены з'яўленнем новых цэнтраў сілы, суперніцтвам за доступ да прыродных рэсурсаў, хуткімі тэмпамі тэхналагічнай эвалюцыі, усё большым значэннем інфармацыйнай сферы і абвастрэннем глабальных праблем чалавецтва, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта прымушае па-новаму расстаўляць акцэнты, комплексна і прагматычна разглядаць пытанні нацыянальнай бяспекі ва ўсёй іх разнастайнасці і цеснай узаемасувязі". Па словах кіраўніка дзяржавы, не менш актуальнымі ва ўмовах глабалізацыі становяцца і пагрозы, якія ўзнікаюць далёка ад межаў Беларусі. Прыклад таму - сусветны фінансава-эканамічны крызіс. "Стан існуючай глабальнай і рэгіянальнай архітэктуры бяспекі, прававых інструментаў яе забеспячэння не ўнушаюць аптымізму. Усё больш абгрунтаванымі ўяўляюцца асцярогі аб далейшых перспектывах сусветнай стратэгічнай стабільнасці", - падкрэсліў беларускі лідар. Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што наступствы сусветнага крызісу выявілі шэраг праблем, якія здаваліся раней абстрактнымі і далёкімі, а таму на сучасным этапе больш нельга кіравацца састарэлымі поглядамі і шаблонамі. Новае гучанне ў апошні час атрымалі экалагічныя, гуманітарныя і інфармацыйныя пагрозы. "Сучасныя тэхналогіі ўздзеяння на масавую свядомасць часам аказваюць больш разбуральны эфект, чым прымяненне традыцыйнай зброі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, абвастрыліся праблемы бяспекі і ў палітычнай сферы. Перш за ўсё гэта выяўляецца ў "поўзучай" дэградацыі ўжо існуючых сістэм і механізмаў у гэтай галіне, у выкарыстанні на міжнароднай арэне стратэгіі, метадаў, прыёмаў, якія нацэлены на стварэнне розных перашкод устойліваму развіццю іншых дзяржаў. "Гэта, дарэчы, наўпрост датычыцца і нашай краіны", - заўважыў беларускі лідар. Таксама не зніжаецца небяспека, якая зыходзіць ад экстрэмізму і тэрарызму. Беларусь, як паказваюць асобныя, але ад гэтага не менш сумныя выпадкі, таксама не стала выключэннем. "На гэтым фоне падыходы да забеспячэння бяспекі Беларусі аб'ектыўна не могуць заставацца нязменнымі. Узрастае значнасць дыягностыкі і маніторынгу разнапланавых праблем. Неабходна выразна вызначыцца з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі, з тым, як іх абараняць у новых умовах, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дзеючыя ў краіне механізмы ў гэтай сферы маюць патрэбу ў удасканаленні. Перш за ўсё трэба надаць іх рабоце папераджальны характар". Кіраўнік дзяржавы дадаў, што пералічаныя аргументы сталі вырашальнымі, калі прымалася рашэнне аб неабходнасці падрыхтоўкі новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. -0-