А.Лукашэнка: праз 1-2 месяцы мы забудзем усе валютныя няўдачы /дапоўнена/
12 мая, Шклоўскі раён /Людміла Сац - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь праз 1-2 месяцы ўрэгулюе сітуацыю на валютным рынку. Аб гэтым ён заявіў сёння падчас наведвання ААТ "Александрыйскае" у Шклоўскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Так, складанавата сёння. Вырулім. Праз 1-2 месяцы мы спакойна забудзем усялякія валютныя няўдачы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, далей Беларусь пойдзе сваім шляхам. "Апошнім часам нам усё часцей падкідваюць ідэі ў сувязі з гэтымі фінансавымі няўдачамі, маўляў, патрэбны рэформы. Нас тонка, акуратна, з падачы, вядома, адтуль, падштурхоўваюць да нейкіх рэформ і крычаць, асабліва гэтыя з пятага калоны, што патрэбны неадкладна рэформы і рэформы. А што за рэформа патрэбна? Якую яны нам прапануюць рэформу? Яны нам прапануюць рэформу на разбурэнне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама падкрэсліў: "Нам рэформа патрэбна вось такая: калі гаспадаркі працуюць, атрымліваюць прадукцыю, у любой кропцы планеты попыт на яе ёсць, тады тое, што трэба дзяржаве, - прадаў, а на астатняе - купляй па імпарце, што хочаш. І няма праблем з валютай. Вось такая патрэбна рэформа". Але гэта будзе цяжка, і гэта будзе доўгі шлях, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Але гэта наш шлях. Іншага няма шляху", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.-0-