А.Лукашэнка: галоўнае на Алімпійскіх гульнях не ўдзел, а перамога

10 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Галоўнае на Алімпійскіх гульнях не ўдзел, а перамога. Такі наказ ад імя беларускага народа алімпійцам даў Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі правадоў беларускіх спартсменаў на XXX летнія Алімпійскія гульні ў Лондане, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Хачу, каб вы разумелі, што ў спорце ўсё бывае, але толькі не на Алімпійскіх гульнях. Да Алімпійскіх гульняў чалавек рыхтуецца і рыхтуе ўсе рэзервы, якія ў яго ёсць. Таму можа быць толькі перамога, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Галоўнае не ўдзел, а перамога. Вось вам мой наказ ад імя беларускага народа". Аляксандр Лукашэнка пажадаў алімпійцам, каб яны выступілі годна, зрабіўшы тое, што яны ўмеюць, пакінуўшы ўбаку хваляванне. "Вы павінны навучыцца берагчы сябе ад залішняга ціску", - напуціў Прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў, што высока цэніць кожнае паспяховае выступленне спартсменаў і працу трэнераў. "Дзяржава для вас зробіць усё. Заваюйце гэтыя ўзнагароды, і перад вамі ў нашай краіне будуць расчынены ўсе дзверы, у тым ліку і да Прэзідэнта", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. -0-