А.Лукашэнка: крыніца суверэнітэту Беларусі – воля народа і павага да сваёй гераічнай гісторыі

14:34:29 3/7 НЕТ,РКО,РО,Ф,САВИ / 38 3 ліпеня, Мінск /Марта Астрэйка - БЕЛТА/. Крыніцай суверэнітэту Беларусі з'яўляюцца воля народа і яго павага да сваёй гераічнай гісторыі. Пра гэта заявіў сёння кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасці і 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Глыбока сімвалічна, што менавіта 3 ліпеня мы адзначаем Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Тым самым звязваючы паяднаннем святыя для кожнага з нас паняцці - Воля і Незалежнасць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вызначыўшы гэту дату галоўным дзяржаўным святам, беларускі народ у чарговы раз даказаў сваю мудрасць. Бо крыніцай нашага суверэнітэту з'яўляюцца не папяровыя дэкларацыі. Не заявы так званых нацыянальных лідараў. А воля народа, яго павага да сваёй гераічнай гісторыі. Да таго цяжкага, шматпрацоўнага і незабыўнага подзвігу мільёнаў салдат і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў, мірных грамадзян, якія перамаглі карычневую чуму". Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на тое, што гітлераўцам удалося прыйсці на беларускую зямлю, паставіць на калені беларускі народ яны так і не змаглі. Амаль 1,5 млн. ураджэнцаў рэспублікі змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Узорам ваеннага мастацтва і адной з самых яркіх старонак усёй Другой сусветнай вайны Прэзідэнт Беларусі назваў стратэгічную наступальную аперацыю "Баграціён". Яе паспяховае правядзенне дазволіла не толькі выгнаць фашыстаў з беларускіх земляў, але і стварыць умовы для поўнага вызвалення Еўропы. "Мы памятаем і ганарымся подзвігам пакалення Пераможцаў. Ветэраны Вялікай Айчыннай былі і застаюцца самымі паважанымі і шанаванымі грамадзянамі нашай краіны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.-0-