А. Лукашэнка канстатуе стабілізацыю сітуацыі ў эканоміцы і фінансах у Беларусі

17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка канстатуе стабілізацыю сітуацыі ў эканоміцы і фінансах у Беларусі. Аб гэтым ён заявіў 17 мая, прымаючы з дакладам прэм'ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. "Перш за ўсё, я хацеў бы пачуць ад урада (раней мы гэтае пытанне абмяркоўвалі са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка), як вырашаюцца і будуць вырашацца пытанні, якія хвалююць насельніцтва. Эканоміка і фінансы на сённяшні дзень стабілізаваны. Мы дабіліся таго, чаго хацелі, і ў знешнім гандлі. Я думаю, у вас ужо ёсць дакладныя даныя за першы квартал, і трэба было б падумаць аб тым, каб нашы людзі адчулі тое, што эканоміка стабілізавалася. Я маю на ўвазе не толькі цэнаўтварэнне, трэба ўжо больш сур'ёзна глядзець на сур'ёзныя рэчы: будаўніцтва жылля, крэдытныя рэсурсы, іх цана і гэтак далей", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанні, якія тычацца маючага адбыцца візіту ў Беларусь Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна. "Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі аб тым, што ён свой першы візіт здзейсніць у Беларусь 31 мая. Таму нам трэба падрыхтавацца па ўсіх напрамках і не толькі ў выніках супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. Патрэбны новыя напрамкі, новыя прапановы, якія дазволяць выбудаваць нашу палітыку на доўгую перспектыву. Таму трэба паглядзець з пункту гледжання эканомікі, палітыкі. Няхай гэта будуць 3-5 пытанняў, над якімі мы будзем працаваць і якія мы можам прапанаваць для ўвагі і разгляду Расійскай Федэрацыі", - адзначыў Прэзідэнт. Яшчэ адной тэмай, на якой акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка, стала рэалізацыя дзяржаўных праграм. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся тым, як ідзе будаўніцтва найбольш значных аб'ектаў, якія крокі робяцца па развіцці баваўнянага, ільновага і камвольнага прадпрыемстваў. "Нам сапраўды трэба здзейсніць прарыў у гэтых напрамках, і тады мы будзем гаварыць аб тым, што ў нас лёгкая прамысловасць, вобразна кажучы, заварушылася", - лічыць Прэзідэнт. Кіраўніку дзяржавы было дакладзена аб бягучым стане спраў у эканоміцы, выніках яе работы за 4 месяцы, тых праблемных прадпрыемствах, па якіх былі спецыяльныя даручэнні Прэзідэнта, і шляхах іх вырашэння. Як далажыў прэм'ер-міністр, першыя чатыры месяцы работы эканомікі дэманструюць станоўчыя вынікі. Вялікая работа, якая праводзілася па даручэнні кіраўніка дзяржавы па імпартазамяшчэнні, таксама дае добры эфект, перш за ўсё ў частцы росту станоўчага сальда гандлёвага балансу. Што тычыцца жыллёвай палітыкі, то было прапанавана ўсенароднае абмеркаванне далейшай стратэгіі развіцця гэтага напрамку ў Беларусі. Па словах прэм'ер-міністра, паступіла звыш 200 розных прапаноў, большасць з якіх накіравана на пашырэнне льгот пры будаўніцтве жылля. Прэзідэнт даручыў да канца мая разгледзець гэтыя пытанні ва ўрадзе і далажыць для наступнага пасяджэння ў кіраўніка дзяржавы і прыняцця канчатковага рашэння. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы быў падрабязна праінфармаваны аб будаўніцтве і мадэрнізацыі малочна-таварных ферм. Урад, выкарыстоўваючы ў тым ліку магчымасці Банка развіцця, адшукаў дадаткова да Br2,1 трлн. яшчэ Br1,2 трлн. льготных крэдытных рэсурсаў, якія накіраваны на крэдытаванне будаўніцтва і мадэрнізацыі малочна-таварных ферм. Прэзідэнт жорстка запатрабаваў навядзення парадку і правядзення сістэмнай работы па мадэрнізацыі малочна-таварных ферм, каб пад выглядам справаздач аб мадэрнізацыі не праходзілі справаздачы па раней пабудаваных аб'ектах. Пры гэтым мадэрнізацыя павінна прадугледжваць увесь комплекс работ, закранаць як матэрыяльна-тэхнічную базу, так і ўкараненне і выкананне сучасных тэхналогій па належнай эксплуатацыі гэтых ферм у далейшым. Асобна была закранута тэма рэалізацыі ў Беларусі інвестыцыйных праектаў. Па словах прэм'ер-міністра, у цяперашні час прапрацоўваецца нямала цікавых прапаноў з боку турэцкіх дзелавых колаў. Яны праяўляюць павышаную цікавасць да будаўніцтва ў Беларусі цэлага шэрагу аб'ектаў як у сферы гасцінічнага сэрвісу, так і сацыяльнага прызначэння, а таксама да ўзвядзення спартыўных і прамысловых аб'ектаў. Прэзідэнту дакладзена аб рэалізацыі інвестпраектаў на праблемных прадпрыемствах, у прыватнасці ў лёгкай прамысловасці. У цяперашні час фактычна завершаны работы над крэдытным пагадненнем па ААТ "Камволь". Яго ўмовы дастаткова выгадныя для беларускага боку. Сума крэдыту складзе 136 млн. еўра, што дазволіць не толькі капітальна мадэрнізаваць гэта прадпрыемства, але і значна павялічыць аб'ёмы вытворчасці. Так, плануецца выпускаць да 4 млн. пагонных метраў тканіны ў год, што значна перавысіць сённяшнія магчымасці прадпрыемства. Наступным аб'ектам для мадэрнізацыі з прыцягненнем інвестыцый стане Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне. Курыраванне за гэтым прадпрыемствам, а таксама іншымі праблемнымі аб'ектамі па рашэнні Прэзідэнта ажыццяўляюць кіраўніцтва Саўміна і міністры.-0-