А.Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам урачыстасцей з нагоды 100-годдзя перанясення мошчаў прападобнай Ефрасінні Полацкай
5 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю перанясення мошчаў прападобнай Ефрасінні Полацкай, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"З імем гэтай выдатнай жанчыны звязаны слаўныя старонкі мінулага Айчыны, росквіт яе духоўнасці і культуры, - гаворыцца ў прывітанні. - Яна прынесла беларусам кніжную мудрасць і асвету, упрыгожыла нашу зямлю цудоўнымі помнікамі мастацтва і архітэктуры, спрыяла сцвярджэнню ў душах сваіх землякоў высокіх маральных ідэалаў праваслаўнай веры, нястомна заклікала іх жыць у міры і згодзе, ставячы па-над усе шчасце і росквіт роднай зямлі".
"Мы шануем прападобную Ефрасінню Полацкую як нябесную заступніцу Беларусі і адну з лепшых дачок нашага народа, веліч здзяйсненняў якой не цьмянее ў вяках. Пры падтрымцы дзяржавы адноўлены найвялікшыя рэліквіі - крыж і рака Ефрасінні Полацкай, якія сталі сімваламі нашага духоўнага адраджэння", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.-0-