А.Лукашэнка не выключае, што ў Беларусі будуць перагледжаны параметры забеспячэння жыллём шматдзетных сем'яў
29 кастрычніка, Брэст /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключае, што ў Беларусі будуць перагледжаны параметры забеспячэння жыллём шматдзетных сем'яў. Аб гэтым заявіў сёння кіраўнік дзяржавы, размаўляючы з жыхарамі Брэста, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Па жыллі мы, магчыма, перагледзім пазіцыі: трое дзяцей - трохпакаёвая кватэра, і нават, магчыма, амаль бясплатна. Паглядзім і па аказанні дадатковай дапамогі на ўтрыманне дзяцей", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка зноў падкрэсліў, што ў краіне неабходна павялічваць нараджальнасць. "Не будзе дзяцей - не будзе краіны", - адзначыў ён.
Што тычыцца Брэста, то, як далажыў мэр горада, штогод тут узводзіцца вялікая колькасць жылля, што дазволіла скараціць чаргу чакання з 17 да 7 гадоў.
Жыхары і госці горада падчас прагулкі Аляксандра Лукашэнкі па пешаходнай вуліцы ў цэнтры Брэста закранулі таксама тэму заробкаў. Прэзідэнт запэўніў, што пастаўленая задача па давядзенні сярэдняга заробку да $500 у эквіваленце да канца гэтага года будзе выканана. Ён таксама нагадаў, што годам раней была пастаўлена яшчэ адна задача - падцягнуць ніжнюю планку заробку да $200 у эквіваленце. "Згодны, заробак трэба павышаць. Але ж акрамя Беларусі ніхто гэтае пытанне не ставіць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта мы крыху людзей падбалавалі. Заробак трэба зарабляць".-0-