А.Лукашэнка не выключае магчымасці прыватызацыі земляў сельскагаспадарчага прызначэння
31 жніўня, Петрыкаўскі раён /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключае магчымасці прыватызацыі зямель сельскагаспадарчага прызначэння. Аб гэтым ён заявіў сёння, наведваючы фермерскую гаспадарку Міхаіла Шруба ў Петрыкаўскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі мы пойдзем на прыватызацыю зямлі, то, можа быць, з яго і пачнем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе Міхаіла Шруба. "Няхай пакуль у эксперыментальным плане. Трэба даваць зямлю таму, хто заслужыў", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пабываў сёння на палях фермерскай гаспадаркі, дзе вырошчваецца цыбуля, бульба, азнаёміўся з арганізацыяй гэтай вытворчасці. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон далажыў кіраўніку дзяржавы, як рэалізуецца рэспубліканская праграма па бульбаводстве. У цяперашні час у сельгасарганізацыях краіны пад гэту культуру аддадзена 51 тыс.га. Чакаецца, што будзе сабрана 1 млн.т бульбы, пры гэтым рэнтабельнасць перавышае 60%, даходзячы ў некаторых раёнах да 100%. Ураджайнасць складае каля 230 ц/га. У той жа час існуе шэраг недахопаў у вырошчванні бульбы, якія патрабуюць хутчэйшага ўстаранення. У прыватнасці, не хапае сховішчаў, недасканалая сістэма насенняводства, вырошчванне бульбы часта з'яўляецца дробнатаварнай вытворчасцю ў гаспадарках, адсутнічаюць лагістычныя цэнтры па яе рэалізацыі. Праграмай, разлічанай да 2015 года, прадугледжваецца павялічыць пасяўныя плошчы бульбы да 65 тыс.га, а аб'ёмы вытворчасці - да 9 млн.т, пры гэтым на экспарт пастаўляць не менш за 500 тыс.т. Будзе таксама перагледжана сістэма насенняводства, і цыкл вытворчасці насення скарочаны з 9 да 7 гадоў. Плануецца арганізаваць спецыялізаваныя гаспадаркі па вырошчванні бульбы, пабудаваць неабходную колькасць сучасных бульбасховішчаў, павялічыць вытворчасць крухмалу і стварыць сыравінныя зоны. На ўсе гэтыя мэты спатрэбіцца Br1,5 трлн.
Што тычыцца бульбасховішчаў, то Аляксандр Якабсон прапанаваў іх рабіць з прэсаванай саломы, што абыдзецца значна танней у параўнанні з традыцыйнымі спосабамі ўзвядзення. У Гомельскай вобласці ўжо ёсць вопыт будаўніцтва збудаванняў па падобнай тэхналогіі. Так, у Петрыкаўскім раёне з прэсаванай саломы пабудавана 4 жылыя дамы. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ісці неабходна па такой схеме, якая была б аптымальнай па цане і даўгавечнай. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за маючыя адбыцца два гады неабходна папрацаваць максімальна напружана, каб рэалізаваць гэту праграму. Ён таксама адзначыў, што ў сялян неабходна закупіць усю бульбу, якую яны захочуць прадаць, і па добрай цане.
Аляксандр Лукашэнка наведаў памяшканні фермерскай гаспадаркі Міхаіла Шруба, дзе вядзецца апрацоўка і захоўванне плодаагародніннай прадукцыі. Яго ўвазе была прадстаўлена выстава сельгаспрадукцыі, якая вырошчваецца ў гаспадарцы, а таксама прадукцыя 4 перапрацоўваючых прадпрыемстваў вобласці. Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў прадукцыю, адзначыўшы яе добрую якасць.
Кіраўнік дзяржавы агледзеў таксама памяшканні фермы, што будуюцца. Падводзячы вынік убачанаму, Прэзідэнт сказаў, што пры будаўніцтве любых сельгаспрадпрыемстваў неабходна ісці па шляху змяншэння кошту, падыходзячы да ўсяго па-гаспадарску. У якасці ўзору можна ўзяць фермерскую гаспадарку Міхаіла Шруба. "Павінны быць аптымальныя праекты. Нічога выдумляць не трэба. У нас ёсць, дзе павучыцца так рабіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. -0-