А.Лукашэнка ўхваліў праекты пагадненняў у межах Мытнага саюза
28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў праекты пагадненняў у рамках Мытнага саюза. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы ўказам ад 28 чэрвеня 2010 года №335 адобрыў у якасці асновы для правядзення перамоваў праект Пагаднення аб вызваленні ад прымянення мытнымі органамі дзяржаў – членаў Мытнага саюза пэўных форм мытнага кантролю.
Акрамя таго, указам ад 28 чэрвеня 2010 года №336 у якасці асновы для правядзення перамоваў адобраны праект Пагаднення паміж урадамі Беларусі, Казахстана і Расіі аб асаблівасцях выкарыстання транспартных сродкаў міжнародных перавозак, якія ажыццяўляюць перавозку пасажыраў, а таксама прычэпаў, паўпрычэпаў, кантэйнераў і чыгуначнага рухомага саставу, якія ажыццяўляюць перавозку грузаў і (або) багажу, для ўнутранай перавозкі па мытнай тэрыторыі Мытнага саюза.
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў упаўнаважаны на правядзенне перамоваў па праектах пагадненняў і іх падпісанне пры дасягненні дамоўленасці ў межах адобраных праектаў.
У адпаведнасці з указамі, пагадненні будуць часова прымяняцца з даты ўступлення ў сілу дагавора аб Мытным кодэксе Мытнага саюза ад 27 лістапада 2009 года да іх уступлення ў сілу.-0-