А. Лукашэнка адзначае контрпрадуктыўнасць спроб ізаляваць Беларусь з боку Еўропы

9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае контрпрадуктыўнасць спроб ізаляваць Беларусь з боку Еўропы. Аб гэтым ён заявіў 8 лістапада ў інтэрв'ю журналістам найбуйнейшых сродкаў масавай інфармацыі Германіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Гаворачы ў цэлым аб супрацоўніцтве Беларусі і Еўрапейскага саюза, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Тое, што мы павінны рухацца ў напрамку супрацоўніцтва, няма ніякіх сумневаў". На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, папярэднія 15 гадоў "аказаліся контрпрадуктыўнымі з пункту гледжання спроб ізаляваць Беларусь і неяк аслабіць нашу дзяржаву і грамадства". "Гэты прыклад красамоўны і сведчыць, што мы павінны супрацоўнічаць. Мы жывём у гэтым цесным узаемазалежным свеце, тым больш месца нашага пражывання - гэта адна і тая ж кватэра, адзін і той жа квартал, імя якому Еўропа", - адзначыў Прэзідэнт. Што тычыцца ўдзелу краіны ў "Усходнім партнёрстве", то Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова быць яго самым актыўным удзельнікам. "Мы гатовы быць самым актыўным дзеючай асобай у "Усходнім партнёрстве", калі гэтага хоча Еўрапейскі саюз", - сказаў кіраўнік дзяржавы, канстатаваўшы, што пакуль рух у гэтай ініцыятыве "вельмі слабы". "Мы чакаем. Мы прапанавалі канкрэтныя праекты, вельмі выгадныя, у тым ліку і для Германіі, для поўначы і поўдня Еўропы. Мы гатовы да таго, каб уся Еўропа скарысталася нашымі магчымасцямі ў сваіх інтарэсах", - падкрэсліў Прэзідэнт. Журналісты, якія сустракаліся з кіраўніком беларускай дзяржавы, прадстаўлялі такія СМІ, як тэлекампанія ЦДФ, газеты "Зюддойчэ цайтунг", "Франкфуртер альгемайне цайтунг", "Берлінер цайтунг", "Дзі Вельт", "Файнэншл таймс Дойчланд", "Вельт ам зоннтаг", "Більд", а таксама аўстрыйская "Дзі Прэсэ". Цэнтральнымі тэмамі інтэрв'ю сталі адносіны Беларусі і Еўрапейскага саюза, удзел Беларусі ў еўрапейскай ініцыятыве "Усходняе партнёрства", узаемаадносіны з Расіяй, дыверсіфікацыя паставак у краіну энерганосьбітаў, а таксама прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Журналістаў цікавіла і магчымасць адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, умовы для працы замежных інвестараў, іх удзел у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў.-Э-