А. Лукашэнка адзначае неабходнасць нарошчвання тэмпаў уборкі ўраджаю

21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў сёння даклады губернатараў Віцебскай і Гродзенскай абласцей аб ходзе ўборачнай кампаніі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. На 21 ліпеня ў рэгіёнах убрана прыкладна па 6% плошчаў збожжавых, заканчваецца ўборка азімага рапсу (убрана ўжо больш за 75%). Як далажылі Прэзідэнту Аляксандр Косінец і Сямён Шапіра, у бліжэйшыя дзень-два вобласці выйдуць на масавую ўборку збожжавых з тэмпам каля 5% штодня. У сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу губернатараў на неабходнасць нарошчвання тэмпаў уборкі, яе якасць, мінімізацыю страт выгадаваных ураджаяў. Ён таксама запатрабаваў своечасова і рацыянальна правесці ўборку саломы, выкарыстоўваць яе як арганічнае ўгнаенне, а таксама забяспечыць пасеў азімага рапсу ў аптымальныя тэрміны. Прэзідэнт у канцы гэтай седміцы зробіць рабочую паездку па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, а на наступным тыдні праінспектуе іншыя рэгіёны краіны.