А.Лукашэнка чакае цягам месяца прапаноў па інвестыцыях у Аршанскі авіярамонтны завод

11 мая, Аршанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чакае на працягу месяца прапаноў па інвесціраванні ў Аршанскі авіярамонтны завод. Аб гэтым ён заявіў 11 мая падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць і наведвання гэтага прадпрыемства, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з бягучым станам спраў на ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" і перспектывамі развіцця прадпрыемства і прылеглай тэрыторыі. Пакуль Аршанскі авіярамонтны завод загружаны ў недастатковым аб'ёме. "Што з заводам рабіць будзем?" - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да кіраўніка прадпрыемства па прыездзе на завод. "Бо мы дамаўляліся: калі кіраўнік і міністр вінаватыя ў тым, што не працуе завод, значыць, яны працаваць не павінны. Было дакладна сказана: не працуюць людзі - значыць, іх трэба мяняць", - заявіў Прэзідэнт. "А сёння мы хапаемся за інвестыцыйны праект як за саломінку", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Размова ідзе аб прапрацоўцы пытання ўдзелу ЗАТ "Белспецзнештэхніка" ў інвестыцыйным праекце па мадэрнізацыі завода. Чаканыя інвестыцыі ў развіццё завода - $45 млн. Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу месяца падрыхтаваць неабходныя дакументы з прапановамі па інвесціраванні ў гэты завод. "Праз месяц мне на стол павінны легчы планы па развіцці тэрыторыі і самога ядра - Аршанскага авіярамонтнага завода", - запатрабаваў Прэзідэнт. "Гэта ўнікальнае месца, унікальныя людзі, унікальная гісторыя і традыцыі і яшчэ захаваны будынак, - сказаў ён. - Я не збіраюся прадаваць адзін цэх ці ўзлётна-пасадачную паласу. Я хачу, каб сюды прыйшоў інвестар і ўзяў ваенны гарадок, забраў усю інфраструктуру, аэрадром, вытворчыя памяшканні і зрабіў тут тое, чаго няма ў Беларусі. А проста так, па кавалачку, раздаваць завод я не збіраюся". Па словах кіраўніка дзяржавы, вялікую ролю ў мадэрнізацыі прадпрыемства павінны адыграць не толькі дырэктар гэтага завода, але і кіраўнікі аблвыканкама і райвыканкама. Аляксандр Лукашэнка даручыў ім уключыцца ў працу "на ўсю моц" і пачаць мерапрыемствы па вывядзенні завода на эфектыўную працу. Пры гэтым, па словах кіраўніка дзяржавы, у перспектыве ўсе памяшканні завода, усе будынкі павінны быць задзейнічаны. "Калі будзе інвестар, значыць, яшчэ і ён да гэтага падключыцца. Не будзе - значыць, будзеце самі ўсё рабіць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Асаблівае значэнне Прэзідэнт надаў таксама пытанню развіцця сацыяльнай сферы г.п. Балбасава, дзе і размяшчаецца Аршанскі авіярамонтны завод. ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" з'яўляецца вядучым прадпрыемствам у Беларусі па выкананні капітальнага рамонту розных мадыфікацый верталётаў Мі-8 (Мі-17), Мі-24, а таксама агрэгатаў рознай авіятэхнікі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў перспектыве завод павінен ажыццяўляць рамонт і самалётаў, а таксама пераходзіць на больш сучасныя мадыфікацыі тэхнікі. "Мы павінны рамантаваць у перспектыве верталёты і самалёты. Тэхніка, якая цяпер тут, - гэта тэхніка мінулага часу", - сказаў ён. Акрамя гэтага, Прэзідэнту было дакладзена аб планах па стварэнні на базе ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" міжнароднага мультымадальнага лагістычнага цэнтра "Орша" ў рамках супрацоўніцтва завода з ганконгскай кампаніяй СВТ Development (Logistics) Limited. Плануемая плошча цэнтра - 1 млн кв.м. Чаканыя інвестыцыі ў яго на першым этапе складуць каля $30 млн. На тэрыторыі лагістычнага цэнтра будуць размешчаны складскія памяшканні, абсталяваныя для выканання разгрузачна-пагрузачных работ, пляцоўкі для захоўвання грузаў, бізнес-цэнтр, кафэ, гасцініца. Доля ўкладанняў Аршанскага авіярамонтнага завода разглядаецца ў памеры 25%, астатнія 75% - сродкі ганконгскага інвестара. Рэалізацыя праекта дазволіць эфектыўна выкарыстоўваць інфраструктуру паветранага транспарту і тэрытарыяльную блізкасць да міжнародных транспартных калідораў, якія праходзяць праз тэрыторыю рэспублікі. Прадугледжваецца, што рэалізацыя праекта дазволіць часткова разгрузіць маскоўскі аэрапорт Дамадзедава. Адлегласць ад завода да мяжы Расіі - каля 50 км. Блізкае размяшчэнне прадпрыемства да буйнога чыгуначнага вузла Орша і міжнародных аўтамабільных трас Масква-Брэст і Санкт-Пецярбург-Адэса дазваляе дастаўляць авіятэхніку, якая мае патрэбу ў рамонце, не толькі паветраным шляхам, але таксама чыгуначным і аўтамабільным транспартам. ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" падпарадкавана дэпартаменту па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі. Прадпрыемства мае сертыфікат рамонтнай арганізацыі, выдадзены Авіяцыйным рэгістрам Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта, на права выканання капітальнага рамонту і мадыфікацыі па дакументацыі распрацоўшчыка верталётаў Мі-8 (Мі-17) розных мадыфікацый, сертыфікат адпаведнасці сістэмы сертыфікацыі ў грамадзянскай авіяцыі Расіі на выкананне капрамонту верталётаў Мі-8 розных мадыфікацый і іх кампанентаў, сертыфікат міжнароднага стандарту ў галіне кіравання сістэмы якасці ІСА9001. Прэзідэнт таксама наведаў населены пункт Хімы Аршанскага раёна. Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу развіцця вёсак з захаваннем іх самабытнасці. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў вёсках неабходна ствараць вытворчую базу для занятасці людзей, але пры гэтым не варта ператвараць вёскі ў гарады. "Трэба адраджаць вёску, каб людзям было зручна і жыць, і працаваць", - сказаў ён. Населены пункт Хімы размешчаны на мяжы Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Усяго тут 43 жылыя сядзібныя дамы, у тым ліку 35 - дачныя. Раней гэта была адносна буйная вёска. А сёння колькасць насельніцтва тут складае 10 чалавек, усе - пенсіянеры. Прэзідэнту быў прадстаўлены план па адраджэнні гэтага населенага пункта як аграпрамысловага комплексу з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Так, да 2025 года тут прадугледжваецца стварыць вытворчую і сацыяльную сферы, інжынерную інфраструктуру. Цікавасць мясцовых улад выклікана тым, што населены пункт зручна размешчаны, размяшчэнне вытворчых пляцовак на гэтых землях удала ўпісваецца ў агульную схему развіцця сельскіх тэрыторый Аршанскага раёна. У пасёлку плануецца пабудаваць цэх па разліве мінеральнай і пітной вады, кандытарскую фабрыку. Прэсная пітная вада складае толькі 3% водных рэсурсаў планеты. Пры гэтым доля лёгкадаступнай прэснай вады - не больш за 2%. У цяперашні час ужо выкарыстана прыкладна 54% усяго даступнага сцёку паверхневых вод. Беларусь мае вялікія перспектывы ў развіцці вытворчасці чыстай пітной вады. Такія разведаныя запасы пітной і мінеральнай вады маюцца і ў раёне пасёлка Хімы. Плануецца, што магутнасць цэха па яе здабычы і разліве складзе 0,44 млн гекталітраў у год. Кошт інвестыцыйнага праекта ацэньваецца амаль у Br50 млрд. Тут жа плануецца пабудаваць і фабрыку па выпуску кандытарскіх вырабаў, у асноўным бісквітных рулетаў. Штогадовы аб'ём вытворчасці прадугледжваецца ў памеры 2,7 тыс. т. Гэта дазволіць у поўнай меры задаволіць патрэбу беларускіх пакупнікоў у гэтай прадукцыі, замясціўшы імпартныя аналагі. Кошт інвестпраекта складзе Br40,5 млрд. Чакаецца, што праект цалкам акупіцца праз 5 гадоў. Як адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, завод будзе ўзведзены ўжо да новага года. Акрамя таго, у пасёлку будуць пабудаваны жылыя дамы, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт і пункт бытавога абслугоўвання, кафэ, дзіцячы сад. Аляксандр Лукашэнка адобрыў прадстаўленыя яму праекты, але пры гэтым падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга гэту вёску ператвараць у горад. "Давайце дамовімся, што горад будаваць тут не будзем. Навошта гэта нам тут трэба? Гэту вёску трэба адрадзіць, як Александрыю, - сказаў Прэзідэнт. - Тут трэба адрадзіць вёску, і кропка. Падцягнуць сюды вытворчасці, маладых людзей. Аднак каб не было ніякіх лішкаў у будаўніцтве". Пры гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць, што спяшацца не варта: аб'екты трэба ўзводзіць па меры іх неабходнасці. "Ні ў якім разе каб нічога не рабілася штучна", - сказаў ён. У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў сваё нязменнае патрабаванне, каб ні адзін з аб'ектаў не быў пабудаваны на ворных землях. "Катэгарычна забараняю вылазіць на раллю: ні фермы, ні заводы - нічога", - адзначыў ён. У вёсцы плануецца пабудаваць і 10 аграэкасядзіб. Па словах Прэзідэнта, калі знойдуцца жадаючыя займацца развіцц