А. Лукашэнка пацвярджае прыхільнасць Беларусі развіццю супрацоўніцтва з Расіяй
19 ліпеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае прыхільнасць Беларусі развіццю супрацоўніцтва з Расіяй, рэгіёнамі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з губернатарам Амурскай вобласці Расійскай Федэрацыі Алегам Кажамякам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Многія кажуць, што Лукашэнка вельмі эмацыйны, калі гаворыць пра адносіны. Мы рускія людзі, у нас эмоцыі заўсёды хлешчуць праз край і без эмоцый мы ніколі не будавалі нашы адносіны, маю на ўвазе, паміж славянскімі дзяржавамі. Увогуле, гэта заява нядобрасумленных сродкаў масавай інфармацыі", - сказаў Прэзідэнт.
Апануючы тым, хто лічыць, што "Беларусь не сёння, так заўтра разваліцца, яе падзеляць, ці то НАТА паглыне, ці то Еўрапейскі саюз", Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нічога падобнага не здарыцца, сёння краіна жыве, і яна будзе жыць.
"Вы павінны ведаць, што вы для нас ніколі не будзеце чужымі людзьмі, што б там ні казалі і ні пісалі", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да губернатара Амурскай вобласці.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што Амурская вобласць мае самае дынамічнае развіццё ва ўзаемаадносінах Беларусі з расійскімі рэгіёнамі. На яго думку, гэта сведчыць аб тым, што вялікія адлегласці не з'яўляюцца перашкодай для наладжвання адносін.
"Тая стратэгія, якую мы калісьці вызначылі па развіцці адносін паміж Беларуссю і рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, дае добрыя плады, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Па гэтым прыкладзе мы рухаемся і ў супрацоўніцтве, напрыклад з Украінай. Велізарная краіна, не ўсё можна вырашыць у Кіеве, мы вельмі добра супрацоўнічаем з губернатарамі Украіны, гэта таксама дае вельмі вялікі плюс".
Прэзідэнт асабліва звярнуў увагу на тое, што ў апошні час зроблена нямала па развіцці інтэграцыі паміж Беларуссю, Казахстанам і Расіяй, надаванні большай свабоды ў эканоміцы. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што гэта ўжо дае нядрэнныя вынікі. "Упэўнены, з 1 студзеня стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы мы фактычна аднаўляем адзіную краіну ў эканоміцы. Гэта таксама вельмі важна. Вядома, шурпатасцяў яшчэ хапае, але раз ужо Расія рызыкнула пайсці гэтым шляхам, я думаю, гэта справа часу - зняць гэтыя шурпатасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Таму ў нас добрыя перспектывы, і я хачу пацвердзіць прыхільнасць развіццю нашых адносін з Расійскай Федэрацыяй, рэгіёнамі", - дадаў ён.-0-