А.Лукашэнка даручыў у трохгадовы тэрмін вывесці прадпрыемствы льняной галіны на рэнтабельную працу /дапоўнена/

21 верасня, Віцебская вобласць /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў у трохгадовы тэрмін вывесці ўсе прадпрыемствы льняной галіны Беларусі на рэнтабельную працу. Адпаведнае даручэнне ён даў сёння ў час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Тры гады ў нас тэрмін выхаду на рэнтабельную працу ў цэлым па льне і для вытворчасці большай колькасці канчатковага прадукту", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Прыехаўшы ў ААТ "Дубровенскі льнозавод", кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прысутных чыноўнікаў, адразу абазначыў, што "засталося дзве тэмы, якія не паглядзелі па-буйному, - гэта ільнаводства і цукровыя буракі". "Мы разабраліся з кукурузай, з уборкай хлебаў, травы ў нас больш-менш, з бульбай. Цяпер застаўся лён, дзе мы вельмі шмат гаворым, вельмі шмат прымалі рашэнняў, і цукровыя буракі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён заўважыў, што ў адрозненне ад лёну сітуацыя з вытворчасцю і перапрацоўкай цукровых буракоў цалкам добрая дзякуючы прынятым раней мерам. "Але, тым не менш, паглядзім. У перспектыве мы павінны пабудаваць у Магілёўскай вобласці новы (цукровы. - Заўвага БЕЛТА) завод. Яго трэба вельмі хутка будаваць і яшчэ ствараць адну зону па вытворчасці цукровых буракоў, таму што попыт на цукар будзе вялікі", - упэўнены беларускі лідар. Што тычыцца лёну, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што зыходзячы з той інфармацыі, якую ён атрымлівае, "працуем з рук прэч дрэнна". Ён звярнуў увагу чыноўнікаў на неабходнасць больш хуткай рэалізацыі на практыцы тых рашэнняў, якія былі выпрацаваны падчас нарады вясной гэтага года на Аршанскім льнокамбінаце. Як далажылі Аляксандру Лукашэнку, льняная сыравіна карыстаецца вялікім попытам на знешніх рынках, а да традыцыйна высокага попыту ў гэтым годзе дадаўся яшчэ і фактар няўраджаю гэтай культуры ў іншых еўрапейскіх краінах. Аднак кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нават калі будуць закрыты знешнія рынкі, то неабходна айчыннае ільналокна перапрацаваць у тканіны і забяспечыць пасцельнай бялізнай і іншымі вырабамі з лёну школы, дзіцячыя сады, вайскоўцаў, чыноўнікаў і інш. У якасці прыкладу ён заўважыў, што сам выкарыстоўвае пасцельную бялізну з лёну. "Льну ў Беларусі быць. Я не хачу, каб мы паўтарылі сітуацыю з бульбай", - падкрэсліў Прэзідэнт, маючы на ўвазе тое, што цяпер даводзіцца аднаўляць вытворчасць у Беларусі апошняй культуры з-за няправільных рашэнняў, прынятых некалькі дзесяцігоддзяў таму. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што лён у Беларусі мае своеасаблівае палітычнае значэнне, бо выяўлены на гербе рэспублікі. "За лён будзем пытаць не менш, чым за хлеб", - падкрэсліў беларускі лідар. У прыватнасці, была абмеркавана перспектыва стварэння на Віцебшчыне холдынгу па вытворчасці і перапрацоўцы лёну на базе Аршанскага льнокамбіната. Плануецца, што ў склад холдынгу ўвойдуць льнозаводы, а таксама ўласная тавараправодзячая сетка ў Беларусі і за мяжой. Акрамя таго, у рамках холдынгу будзе наладжана ўзаемадзеянне з льнасемястанцыямі рэспублікі, Інстытутам лёну НАН Беларусі, швейнымі фабрыкамі, банкаўскім сектарам і інш. Аляксандр Лукашэнка даручыў зацікаўленым бакам дасканала прапрацаваць усе пытанні і з красавіка наступнага года прыступіць да стварэння холдынгу. Ён падкрэсліў, што неабходна як мага хутчэй рэалізоўваць усе намечаныя планы і праграмы па развіцці ільнаводчай галіны ў Беларусі. Кіраўніку дзяржавы было дакладзена аб планах па мадэрнізацыі льнeперапрацоўчых прадпрыемстваў краіны. Так, напрыклад, для мадэрнізацыі РУПТП "Аршанскі льнокамбінат" у 2010-2013 гадах з розных крыніц плануецца прыцягнуць больш Br505 млрд. Гэта дазволіць павялічыць аб'ёмы перапрацоўкі ільналокна, нарасці экспарт прадукцыі і ў канчатковым выніку значна павысіць сярэдні заробак на прадпрыемстве. У час абмеркавання планаў па тэхперааснашчэнні льнeперапрацоўчых прадпрыемстваў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што да існуючых аб'ектаў інфраструктуры, капітальных будынкаў неабходна падыходзіць па-гаспадарску. Там, дзе магчыма, пры мадэрнізацыі іх неабходна дабудаваць, прывесці ў належны стан, але ні ў якім разе бяздумна не зносіць. Там жа, дзе гэта ўсё ж неабходна, трэба таксама пісьменна з фінансавага пункту гледжання падыходзіць да будаўніцтва новых будынкаў, каб яны былі адначасова і танныя і функцыянальныя. "Нам не трэба жалезабетон, як у савецкія часы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што падобныя аб'екты трэба будаваць з сучасных лёгкіх металічных канструкцый. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з экспазіцыяй разнастайнай прадукцыі з лёну, сучасным машынным комплексам для вырошчвання і перапрацоўкі гэтай культуры, тэхналагічнымі працэсамі перапрацоўкі льнатрэсты. Увазе кіраўніка дзяржавы таксама была прадстаўлена выстаўка сельскагаспадарчай тэхнікі, якая вырабляецца на прадпрыемствах Віцебскай вобласці. У сакавіку бягучага года Аляксандр Лукашэнка таксама з мэтай азнаямлення са становішчам спраў у ільнаводчай галіне краіны і выкананнем яго даручэнняў наведаў Аршанскі льнокамбінат. Тады Прэзідэнт выказаў цвёрдую упэўненасць, што ільнаводчая галіна і вытворчасць прадукцыі з лёну ў Беларусі могуць і павінны быць канкурэнтаздольнымі, і падкрэсліў недапушчальнасць згортвання льняной галіны ў краіне. За апошнія пяць гадоў кіраўніком дзяржавы было дадзена каля 70 даручэнняў ураду па развіцці ільнаводчай галіны. ААТ "Дубровенскі льнозавод" створана ў 1997 годзе шляхам пераўтварэння аднайменнага дзяржаўнага прадпрыемства. Асноўным відам дзейнасці з'яўляецца вытворчасць ільналокна. Каля 80% ільналокна прадпрыемства пастаўляе на Аршанскі льнокамбінат, астатняе валакно выкарыстоўваецца для вытворчасці вырабаў тэхнічнага прызначэння (шпагат, ільнавацін). У 2008 годзе на прадпрыемстве ўстаноўлена лінія па вытворчасці доўгага ільналокна бельгійскай фірмы Van Dommele праектнай магутнасцю па перапрацоўцы 2 т льнатрэсты ў гадзіну. У бягучым годзе на палях Дубровенскага льнозавода адпрацоўваецца тэхналогія вырошчвання і ўборкі лёну па еўрапейскім тыпе.-0-