А. Лукашэнка паставіў задачу правесці ўборку ўраджаю ў максімальна сціслыя тэрміны
7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 ліпеня заслухаў даклады губернатараў Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якія далажылі аб бягучай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў дадзеных рэгіёнах і аб пачатку ўборкі ўраджаю збожжавых культур. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Было адзначана, што ў гэтым годзе ёсць усе перадумовы для збору добрага ўраджаю збожжавых і нарыхтоўкі ў поўным аб'ёме кармоў. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу правесці ўборку ў максімальна сціснутыя тэрміны. Важна, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, каб да 20 ліпеня ўсе рэгіёны краіны поўнасцю ўвайшлі ў працэс уборкі ўраджаю. Прэзідэнт у ходзе дакладаў падкрэсліў, што, пачынаючы з гэтай даты, ён будзе асабіста інспектаваць ход уборачнай кампаніі ў абласцях. "Важна не ўпусціць момант і пачаць уборку адразу, як толькі гэта стане магчымым. Гэта абумоўлена ў першую чаргу ўмовамі надвор'я, якія не дазваляюць губляць час. Хлеб добры, і яго трэба ўбраць своечасова і без страт", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць стварэння максімальна камфортных умоў працы і побыту для працаўнікоў вёскі, якія занятыя ў полі на ўборцы.-0-