А.Лукашэнка запатрабаваў ухіліць парушэнні тэхналогіі вырошчвання лёну ў Беларусі /дапоўнена/
5 сакавіка, Ворша /Уладзімір Васількоў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў ухіліць парушэнні тэхналогіі вырошчвання лёну ў краіне. Адпаведную заяву Аляксандр Лукашэнка зрабіў сёння на нарадзе па развіцці льняной галіны ў Воршы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"З-за нізкай якасці сыравіны доля найбольш каштоўнага доўгага валакна складае толькі каля 20%, - канстатаваў Прэзідэнт. - І ўсё таму, што паўсюдна парушаецца тэхналогія вырошчвання лёну. У дадатак у нас няма механізму, які стымулюе гаспадаркі аддаваць прыдатныя для лёну глебы спецыялізаваным атрадам прадпрыемстваў".
"Возьмем пачатковае звяно цыклу - вытворчасць трэсты. У нас гэтым займаецца 208 ільнасейных гаспадарак, а таксама 49 ільназаводаў. Здавалася б, такой колькасці пад сілу выконваць гадавыя заданні па зборы і выпрацоўцы ільнавалакна. Аднак за 5 гадоў мы не выраблялі больш за 40 тыс.т валакна пры плане 60 тыс.т", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама канстатаваў наплявацельскае стаўленне да выканання аптымальных тэрмінаў уборкі лёну, пасцелу і ўздыму трэсты. Часта яе падымаюць не ў верасні, а ў лістападзе, калі ад дажджоў яна значна страціла ў якасці.
Звяртаючыся да міністра сельскай гаспадаркі Сямёна Шапіры, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Калі не выгадуеш і не паставіш нармальную сыравіну для прадпрыемстваў - са мной працаваць не будзеш... Што за праблема атрымаць нармальную трэсту, на такім узроўні якасці, як у Францыі і Бельгіі, каб атрымаць хаця б 60 тыс.т валакна ў год". Прэзідэнт даручыў Мінсельгаспраду жорстка вытрымаць тэрміны пасеву лёну - 10 дзён.-0-