А.Лукашэнка: пры ўзрастаючых укладаннях у беларускі спорт ён не прыносіць адпаведнай аддачы

9 красавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Пры ўзрастаючых укладаннях у беларускі спорт ён не прыносіць адпаведнай аддачы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы сёння на алімпійскім сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Скажу прама: мяне турбуе, што пры такой увазе да спорту ў краіне, пры ўзрастаючых укладаннях фінансавых сродкаў у гэту галіну, часам нават на шкоду іншым, мы не атрымліваем адпаведнай аддачы", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "А бо кожны бюджэтны рубель, які мы ўкладваем у спорт, асабліва ў цяперашніх умовах даецца вельмі няпроста. І ён павінен працаваць на імідж краіны, на тое, каб перамогі нашых спартсменаў рабілі Беларусь больш вядомай і аўтарытэтнай у свеце, каб уздымалі, у рэшце рэшт, дух нашага народа, згуртавалі нацыю пачуццём гордасці, калі на міжнародных спаборніцтвах гучыць беларускі гімн і падымаецца наш сцяг", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. На працягу апошніх 16 гадоў на зімовых і летніх алімпіядах Беларусь стабільна ўваходзіць у лік 20 наймацнейшых дзяржаў. Аднак Прэзідэнт лічыць, што гэтага недастаткова: "Прагрэсу няма, у дзясятку ўвайсці ніяк не можам. А бо тое, што было добра ўчора, сёння нас не можа задавольваць". У якасці прыкладу растучых поспехаў у вялікім спорце Аляксандр Лукашэнка прывёў Кітай, які ўсяго за некалькі гадоў дамогся значных вынікаў. "Выдатна разумею, што з кожным годам канкурэнцыя ў сусветным спорце становіцца мацнейшай, медалі заваёўваць усё складаней. Атрымліваецца, што нашы канкурэнты развіваюцца, а мы стаім на месцы. Па асобных відах спорту ганебна страцілі лідарскія пазіцыі. Гэта, у прыватнасці, і канькабежны спорт, і лыжныя гонкі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што тут справа не ў медалях і месцах. У многіх беларускіх спартсменаў не бачна рвення да перамогі, імкнення адстаяць гонар краіны і даказаць адпаведнасць беларускага спорту. Прэзідэнт успомніў выступленне беларускіх хакеістаў на Алімпіядзе ў Ванкуверы, дзе, на яго думку, каманда не мела свайго стылю гульні і не праявіла неабходных баявых якасцяў. "Настаў час спытаць за вынік, за выдаткаваныя сродкі, за падманутыя надзеі заўзятараў", - падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў апошнія гады алімпійскі рух у краіне развіваецца дынамічна, спорту надаецца велізарнае значэнне ў грамадстве і дзяржаве, ствараюцца спрыяльныя ўмовы як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. Акрамя таго, практыка работы НАК рэкамендавана Міжнародным алімпійскім камітэтам для ўкаранення ў іншых краінах, што сведчыць аб пэўных поспехах Беларусі. На алімпійскім сходзе, акрамя разгляду арганізацыйных пытанняў, будуць падведзены вынікі выступлення беларускіх спартсменаў на апошніх летніх і зімовых алімпіядах, пастаўлены задачы па забеспячэнні паспяховага выступлення на ХХХ летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане, усебакова прааналізавана эфектыўнасць дзейнасці тых арганізацый, ад якіх залежаць вынікі выступленняў спартсменаў на алімпіядах. Асаблівая ўвага будзе нададзена пытанням падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву. "Мы павінны вызначыцца, як будзем выпраўляць негатыўную сітуацыю ў тых летніх і зімовых алімпійскіх відах спорту, прадстаўнікі якіх нездавальняюча выступілі на Алімпійскіх гульнях. Што неабходна зрабіць для таго, каб у Лондане і Сочы значна пераўзысці вынікі, дасягнутыя ў Пекіне і Ванкуверы", - звярнуўся Прэзідэнт да ўдзельнікаў сходу. Ён таксама дадаў, што чакае, што сённяшняе абмеркаванне і аналіз сітуацыі ў беларускім спорце стануць пачаткам эфектыўнага вырашэння ўсіх наяўных тут праблем.-0-