А. Лукашэнка прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця фестывалю "Славянскі базар у Віцебску".
10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння зробіць рабочую паездку ў Віцебскую вобласць, падчас якой прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы.
Асноўныя мерапрыемствы фестывалю пройдуць з 10 па 16 ліпеня з удзелам прадстаўнікоў больш як 30 краін. На розных пляцоўках Віцебска адбудзецца каля 70 фестывальных мерапрыемстваў. Гэта гала-канцэрты, сольныя канцэрты, дарослыя і дзіцячыя конкурсы, спектаклі драматычных тэатраў, сустрэчы з вядомымі дзеячамі культуры і мастацтва, выставы выяўленчага мастацтва, праца народных майстроў.
Упершыню будзе арганізавана праца "Славянскага падвор'я" - гэта новы фармат праекта "Горад майстроў", у якім будзе прадстаўлена народная культура славянскіх краін: выступленне фальклорных калектываў, выставы-продажы твораў народнай творчасці, дэгустацыя страў нацыянальнай кухні. Упершыню падчас фестывалю на пляцоўцы каля Летняга амфітэатра 10 ліпеня адбудзецца адкрыццё Алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення". У межах фестывалю пройдзе таксама выстава "100 работ Марка Шагала". Адбудуцца творчыя прэзентацыі краін-сяброў фестывалю (Латвіі, Ізраіля, Казахстана і іншых). На сцэне Летняга амфітэатра за фестывальныя дні пройдзе 21 культурнае мерапрыемства.-0-