А.Лукашэнка разлічвае на непрадузятасць і аб'ектыўнасць ацэнак амерыканскіх аналітыкаў

14 снежня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на непрадузятасць і аб'ектыўнасць ацэнак амерыканскіх аналітыкаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі вядучых аналітычных цэнтраў ЗША, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Упэўнены, што вы як сапраўдныя прафесіяналы будзеце непрадузятыя і аб'ектыўныя ў сваіх ацэнках", - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускаму боку хацелася б, каб прадстаўнікі вядучых аналітычных цэнтраў ЗША ў нармальнай рабочай абстаноўцы ўбачылі ўсё на свае вочы, атрымалі адказы на цікавыя ім тэмы. "Немагчыма сфарміраваць цэльную аб'ектыўную пазіцыю па якім-небудзь пытанні, абапіраючыся на рэпартажы гуртка ангажаваных журналістаў або даклады так званых незалежных "экспертаў", - адзначыў Прэзідэнт. "Мы не абмяжоўваем вас у сустрэчах, гатовы да адкрытай размовы па самых вострых праблемах, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы выдатна разумеем, наколькі важны непасрэдны дыялог без непатрэбных пасярэднікаў, без перадатчыкаў". Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў: "Вы, напэўна, убачылі, што мы цалкам адкрыты для вас. Мы не праводзілі ніякага адбору сярод жадаючых наведаць Беларусь у складзе вашай дэлегацыі. Усе, хто хацеў прыехаць, каму было цікава самому на месцы разабрацца з сітуацыяй у Беларусі, сёння за гэтым сталом". Аляксандр Лукашэнка ў пэўнай ступені выказаў шкадаванне, што такая сустрэча з прадстаўнікамі вядучых аналітычных цэнтраў ЗША не адбылася значна раней. "Упэўнены, што тады б многія праблемы і незразумелыя моманты ў беларуска-амерыканскіх адносінах, а іх нямала, або не ўзніклі, або былі б ужо вырашаны", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама адзначыў, што шмат у чым менавіта на ацэнках і прагнозах аналітыкаў фарміруецца палітыка афіцыйнага Вашынгтона ў дачыненні да той ці іншай краіны.-0-