А.Лукашэнка: развіццё глыбокай інтэграцыі ў Саюзным дзяржаве тармазіцца адсутнасцю агульнай Канстытуцыі

18 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Развіццё глыбокай інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве тармазіцца адсутнасцю агульнай Канстытуцыі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з кіраўнікамі шэрагу расійскіх СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Тое, што мы дасягнулі ў рамках Мытнага саюза – гэта значна ніжэй за тое, што мы маем у рамках Саюза Беларусі і Расіі", – адзначыў кіраўнік дзяржавы. У прыватнасці, ён прывёў прыклад, што ў Саюзнай дзяржаве ўраўняны правы грамадзян, чаго яшчэ няма ў рамках Мытнага саюза. "У грамадстве, на жаль, былі і ёсць завышаныя чаканні, некаторыя ўяўляюць (Саюзную дзяржаву. – Заўвага БЕЛТА) як нейкі Савецкі Саюз, унітарную дзяржаву", – заўважыў беларускі лідар. Што тычыцца таго, чаму ў такіх сферах, як эканоміка, фінансы, пакуль няма тых вынікаў, якія дэклараваліся ў пачатку саюзнай інтэграцыі, Прэзідэнт Беларусі сказаў: "Мы не правялі рэферэндум. У нас няма асновы будаўніцтва Саюзнай дзяржавы". Паводле яго слоў, адначасовае правядзенне рэферэндуму ў абедзвюх краінах з мэтай прыняцця Канстытуцыі Саюзнай дзяржавы прадугледжвалася падпісаным дагаворам". "Мы гэты рэферэндум не правялі, і сёння няма той базы, той прававой асновы, на якой мы змаглі б пабудаваць гэту дзяржаву. Вось там была і адзіная валюта, усё было прапісана, і народы павінны былі прыняць гэтыя дакументы, і мы павінны былі рухацца ў гэтым напрамку. Мы гэта не зрабілі", – сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што "нельга пабудаваць дом з даху". Акрамя таго, калі, напрыклад, абмяркоўвалася стварэнне адзінай валюты, то ў гэтай якасці Беларусі быў прапанаваны расійскі рубель з эмісійным цэнтрам у Маскве, што не магло задаволіць беларускі бок. Таксама ў дагаворы пры стварэнні Саюзнай дзяржавы, працягнуў Аляксандр Лукашэнка, прапісваліся тыя паўнамоцтвы, якія б перадаваліся ў вядзенне наднацыянальных органаў. "Кіраўніцтва Расіі палічыла, што гэта занадта вялікія паўнамоцтвы", – адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Таксама Расія, па словах Прэзідэнта, выйшла з некаторых дагавораў і пагадненняў, у тым ліку аб роўных умовах дзейнасці суб'ектаў гаспадарання. А ў крызісны перыяд для прасоўвання беларускіх тавараў на расійскім рынку нярэдка ствараліся неспрыяльныя ўмовы і штучныя перашкоды. Разам з тым ён адзначыў, што па асобных напрамках ёсць істотныя дасягненні ў саюзнай інтэграцыі, у тым ліку ў сферах адукацыі, аховы здароўя, забеспячэння роўных правоў грамадзян і інш. Адказваючы на пытанне аб тым, як далей будзе развівацца Саюзная дзяржава, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Калі б гэта залежала толькі ад мяне, я б вам дакладна сказаў, якім чынам мы будзем будаваць Саюзную дзяржаву. Гэта залежыць не толькі і не столькі ад мяне". Наступнае, беларускі лідар адзначыў, што ва ўмовах практычна пачаўшагася перадвыбарчага перыяду ў Расіі "наўрад ці будуць прымацца нейкія радыкальныя рашэнні". "Хоць ён (пытанне развіцця беларуска-расійскіх адносін. – Заўвага БЕЛТА), напэўна, актуальны і папулярны ў Расіі, і для любога палітыка гэта было б важна, нават кандыдата ў прэзідэнты, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Усё будзе залежаць ад вас (Расіі. – Заўвага БЕЛТА). Прынцып толькі адзін: мы хацелі б, каб нас паважалі, шанавалі і лічылі такой жа дзяржавай (не па аб'ёме ВУП, ЗВР, як некаторыя спрабуюць), зыходзячы з прынцыпаў дзяржаўнасці, як Расія".-0-