А. Лукашэнка лічыць важным агарнуць клопатам кожнага прадстаўніка пакалення пераможцаў

6 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць важным акружыць увагай і клопатам кожнага прадстаўніка пакалення пераможцаў, якія са зброяй у руках абаранілі родную зямлю ад ворагаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння падчас уручэння дзяржаўных узнагарод, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Прэзідэнт адзначыў, што склалася добрая традыцыя напярэдадні важных дзяржаўных святаў уручаць высокія ўзнагароды лепшым людзям краіны, якія дасягнулі важкіх поспехаў у самых розных сферах дзейнасці. "Спадзяюся, што для вас сённяшняя сустрэча будзе ўдвая памятнай, бо яна адбылася напярэдадні такой слаўнай гістарычнай даты, як Дзень Перамогі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўзнагароджаных. - Для нашага народа яна мае лёсавызначальнае значэнне". Праходзяць гады, дзесяцігоддзі, але 9 мая 1945 года не становіцца далёкім мінулым, не сыходзіць з памяці людзей розных пакаленняў. І сёння яшчэ больш ясна ўсведамляецца веліч гістарычнага подзвігу савецкага народа, які выратаваў ад фашысцкага паняволення не толькі сваю радзіму, але і ўсё чалавецтва. На жаль, з кожным годам менш і менш застаецца ўдзельнікаў тых легендарных падзей, і таму так важна акружыць іх клопатам. "З асаблівым пачуццём удзячнасці і гордасці я прывітаю гэтых гераічных людзей. Менавіта іх мы ўшаноўваем і віншуем у гэтыя майскія дні. Дарагія ветэраны, дзякуй вам за тое, што не далі паставіць наш народ на калені. Вы даказалі, што ніякі вораг не зможа нас ні зламаць, ні запалохаць, ні перамагчы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы ніколі не забудзем, што менавіта вы, апаленыя страшным агнём вайны, забяспечылі цяперашнюю эканамічную і духоўную базу развіцця Беларусі". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, звяртаючы позірк у мінулае і аддаючы даніну памяці ўсім загінулым за Радзіму, па-асабліваму ўсведамляеш простую ісціну: якое гэта вялікае дабро - мір і спакой на роднай зямлі. Вялікая група ветэранаў сёння атрымала ўзнагароды з рук Прэзідэнта. Акрамя таго, у ліку ўзнагароджаных прадстаўнікі розных галін народнай гаспадаркі: будаўнікі, праекціроўшчыкі, кіраўнікі і спецыялісты, якія ўдзельнічалі ва ўзвядзенні унікальнага культурна-спартыўнага комплексу "Мінск-Арэна", які ўпрыгожвае сталіцу. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што добрасумленная самаадданая праца - гэта галоўны рэсурс Беларусі. Дзякуючы прафесійнаму майстэрству і высокай грамадзянскай адказнасці рабочых будаўнікоў, спецыялістаў народнай гаспадаркі паспяхова вырашаюцца самыя складаныя задачы ва ўсіх сферах жыцця грамадства, напрыклад, надаецца новы аблік беларускай сталіцы, фарміруецца прывабны імідж для інвестараў, будуюцца выдатныя збудаванні для правядзення мерапрыемстваў міжнароднага значэння. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, адным з такіх прыярытэтных напрамкаў з'яўляецца падрыхтоўка Мінска да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года. Віншуючы ўзнагароджаных, Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што годная ацэнка іх энергіі і таленту стане добрым стымулам для новых поспехаў на карысць роднай Беларусі.-0-