А.Лукашэнка сёння наведае ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод"
21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, працягваючы рабочую паездку па Віцебскай вобласці, наведае сёння ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод". Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Прэзідэнт азнаёміцца з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі і абсталяваннем па перапрацоўцы малака і вытворчасці сыроў, вытворча-эканамічным станам і перспектывамі развіцця прадпрыемства.
ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод" з'яўляецца валаўтваральным прадпрыемствам для ўсяго раёна. На яго долю прыпадае 60% агульнага аб'ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі. Асноўнай спецыялізацыяй прадпрыемства з'яўляецца вытворчасць сыроў, якая складае 62,6% у структуры перапрацоўкі малака. На вытворчасць сыроў накіроўваецца больш за 70% малака, што перапрацоўваецца тут. Асартыментны пералік уключае 22 найменні прадукцыі. За пяць месяцаў 2011 года чысты прыбытак прадпрыемства склаў Br2,5 млрд.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка азнаёміцца з выкананнем дадзенага ім у ліпені 2004 года даручэння аб будаўніцтве моста праз раку Заходняя Дзвіна ў раёне Верхнядзвінска. Будаўніцтва моста было пачата ў 2007 годзе і завершана ў 2008-м. Новы мост мае даўжыню 281 м і разлічаны на сучасныя нагрузкі. З яго ўзвядзеннем жыхары Верхнядзвінскага, Мёрскага, Браслаўскага, Расонскага і Шаркаўшчынскага раёнаў атрымалі прамое аўтобуснае паведамленне. Павялічыліся аб'ёмы грузавых перавозак у сувязі з перадразмеркаваннем транспартных патокаў і значным скарачэннем (да 100 км) адлегласці паміж раёнамі.-0-