А. Лукашэнка: "Славянскі базар у Віцебску" - нацыянальны гонар беларусаў
10 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. "Славянскі базар у Віцебску" - нацыянальны гонар беларусаў, сімвал адкрытасці і гасціннасці беларускай зямлі і народа. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі адкрыцця XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У свеце ёсць знакавыя падзеі, такія як, напрыклад, Алімпійскія гульні, сусветныя кінафестывалі, якія сталі сімваламі найвышэйшых дасягненняў у спорце і мастацтве. Думаю, годнае месца ў гэтым шэрагу займае і наш фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар нагадаў, што ў сярэдзіне 1990-х, калі ўсё вакол руйнавалася, рваліся векавыя сувязі, тут, на віцебскай зямлі, зацяпліўся агончык сапраўднага мастацтва, шчырай творчасці, дружбы і брацкай згоды.
На думку Прэзідэнта, "за плячыма ў "Славянскага базару" ўжо вельмі сур'ёзныя вынікі: калі ў першым фестывалі прымалі ўдзел усяго каля 200 чалавек з Беларусі, Расіі і Украіны, то ў гэтым годзе ў Віцебск з'ехаліся звыш 5,5 тыс. гасцей з больш чым 30 дзяржаў Еўропы, Азіі, Паўднёвай Амерыкі".
"Але галоўнае дасягненне - гэта, вядома, велізарная любоў артыстаў і гледачоў", - дадаў беларускі лідар.
Адной з асаблівасцей фестывалю Аляксандр Лукашэнка лічыць аўру свята, якое пераўтварае жыццё Віцебска. "Горад становіцца сапраўднай культурнай сталіцай славянскага свету, і ўжо не толькі яго", - сказаў кіраўнік дзяржавы. -0-