А.Лукашэнка: стратэгічныя, саюзніцкія адносіны з Расіяй - наш усвядомлены выбар
26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расія – гэта натуральны, гістарычна складзены стратэгічны партнёр Беларусі. Аб гэтым у інтэрв'ю сірыйскай газеце "Аль-Ватан" заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас шматмільярдны гандлёвы абарот, найшырэйшы спектр абласцей узаемадзеяння", – сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, магчымасці паглыблення супрацоўніцтва з Расіяй павінны яшчэ больш павысіцца з стварэннем Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. "Калі, вядома, гэты саюз запрацуе паўнавартасна, без выключэнняў і абмежаванняў. Дарэчы, гэта выключна цікавы праект для сірыйскага бізнесу, які атрымлівае магчымасць праз Беларусь мець фактычна бесперашкодны доступ на 170-мільённы рынак", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Стратэгічныя, саюзніцкія адносіны з Расіяй – асэнсаваны выбар Беларусі. Таму, адзначыў кіраўнік дзяржавы, развіваючы адносіны з іншымі партнёрамі, "мы ніколі не дзейнічалі і не будзем дзейнічаць на шкоду Расіі". "Мы ж, па сутнасці, адзін народ з агульнай гісторыяй", – сказаў ён.
Што тычыцца адносін з ЕС, то яны, па словах Аляксандра Лукашэнкі, у апошні час сапраўды пачалі мяняцца да лепшага. "Бо Еўрасаюз – гэта сусед, з якім у нас працяглая агульная мяжа, адзін з асноўных спажыўцоў беларускага экспарту, важны партнёр у шэрагу сфер агульнай цікавасці – ад навукі і тэхналогій да барацьбы з агульнымі пагрозамі: нелегальнай міграцыяй, трансгранічнай злачыннасцю. Пэўныя зрухі ў адносінах з ЕС – не змена арыенціраў, а вынік рэалізацыі сфармуляванай намі раней доўгатэрміновай мэты – праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку. Думаю, тэма нашага дыялогу з ЕС адыграла не апошнюю ролю ў абвастрэнні беларуска-расійскіх адносін. І гэта тым больш дзіўна, што нашы расійскія калегі самі актыўна заклікалі нас да наладжвання адносін з ЕС", – падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што "мы бачым імкненне буйнога расійскага капіталу атрымаць ласыя кавалкі беларускай эканомікі, якія належаць нашаму народу". "Так, працягласць узаемасувязі Беларусі і Расіі, наша бясконцая вера ў сумленнасць і адданасць партнёра прывялі да таго, што мы сталі ў сыравінным плане залежныя ад Расіі, якая да апошняга часу была нашым практычна манапольным пастаўшчыком вуглевадароднай сыравіны. Гэтым нашы партнёры сталі проста карыстацца, спрабуючы праціснуць у Беларусі свае інтарэсы. Ужываючы метады эканамічнага шантажу ў палітычных мэтах, выкарыстоўваючы інструменты інфармацыйнай вайны. Але любы дыктат непрымальны. Спадзяюся, у Маскве гэта ўсё ж зразумеюць", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь заўсёды была ініцыятарам і актыўным рухавіком інтэграцыйных працэсаў. "Скажу шчыра, Саюз Беларусі і Расіі шмат у чым жывы дзякуючы таму, што менавіта Беларусь не дае патухнуць гэтаму стваральнаму агню. Мы падтрымалі стварэнне мытнага саюза з Расіяй і Казахстанам, хоць разумеем, што ён у большай ступені выгадны для Расіі. Беларусь эфект ад яго пакуль не адчула. Але мы пайшлі на гэты крок, каб развіваць ідэю інтэграцыі", – дадаў беларускі лідар.