А.Лукашэнка: лёс абвінавачаных у масавых беспарадках 19 снежня ў іх руках
20 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Лёс абвінавачваных у масавых беспарадках 19 снежня ў іх руках. Аб гэтым сёння на нарадзе па некаторых унутрыпалітычных пытаннях заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У сувязі з тым, што ад нас патрабуюць, я хачу сказаць, што мы не крыважэрныя. І лёс тых, за якіх сёння гарача змагаюцца ў Еўрапейскім саюзе, выключна ў іх руках", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Тут ні пры чым ні сілавыя структуры, ні Прэзідэнт. Толькі ў іх руках. Жадаюць быць у следчым ізалятары - няхай там сядзяць. Жадаюць быць са сваімі сем'ямі - гэта таксама ад іх залежыць. Гэта не праблема. Яна вырашаецца сёння следчымі органамі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Але не толькі ў следчых органаў, але і ў краіны ў цэлым ёсць шэраг пытанняў, на якія мы чакаем ад іх адказаў. І сядзець як мышы пад венікам у следчым ізалятары і думаць, што заўтра амерыканцы ці еўрапейцы прыйдуць і вызваляць іх, бесперспектыўна".
"Хачу абсалютна цвёрда запэўніць еўрапейцаў, што тут мы будзем дзейнічаць выключна па еўрапейскіх стандартах. Вось як у Еўропе прынята, мы так будзем дзейнічаць", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
"Калі б еўрапейцам, якія так гарача ўзяліся абараняць нашых адмарозкаў, іх лёсы былі цікавыя, калі б яны хварэлі толькі за іх, тут бы не было ніякіх праблем. Усё гэта робіцца для таго, каб гэту праблему разгарнуць такім чынам, каб прадаць унутры ЕС і кожнай краіны, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Што, сёння праблем у еўрапейцаў няма? Ёсць. У Еўрасаюза няма праблем? Вышэй даху. У амерыканцаў іх няма? Ёсць. Займайцеся сваімі праблемамі. Камусьці хочацца пагрэць рукі і паразважаць па ўсіх гэтых пытаннях. Мы не супраць іх абмяркоўваць і не супраць нават разважаць. Але перш чым абмяркоўваць гэтыя пытанні, трэба найстараннейшым чынам вывучыць сітуацыю, вывучыць факты".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Толькі на падставе канкрэтных фактаў і Канстытуцыі краіны мы гатовыя, у тым ліку і па падказках з боку, прымаць рашэнні ў Беларусі". "Іншага не дадзена. Калі мы пастаянна будзем на ўгоду палітыцы ламаць законы і Канстытуцыю, мы зламаем у найбліжэйшай будучыні краіну. Пра гэта сведчыць вопыт многіх дзяржаў", - заключыў ён.-0-