А.Лукашэнка патрабуе ад урада напружанай працы і выніковасці
1 верасня, Мінск /Таццяна Паляжай – БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе напружанай работы і выніковасці ад урада, а таксама лічыць, што не дарма крытыкаваў яго працу не так даўно. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Сёння раскачваюць, што ўрад разгоняць, урад – у адстаўку, а ўсе, хто сёння знаходзіцца ва ўрадзе, пойдуць у прэзідэнты. Што тычыцца прэзідэнцтва – міласці просім. Любы грамадзянін Беларусі – ідзіце, збірайце подпісы, баціруйцеся ў прэзідэнты. Ніхто нікому не забараняе. Зараз той час, калі гэта можна рабіць адкрыта", – сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, крытыкуючы ўрад, ён не здымае з сябе адказнасці. "Я не збіраюся ні перад кім заіграваць: ні перад урадам, ні перад сілавымі структурамі, ні перад кім. Я Прэзідэнт, я валодаю паўнамоцтвамі, вызначанымі Канстытуцыяй, павінен іх выконваць, а не піярыць і замазваць нейкія праблемы, у тым ліку і перад выбарамі", – адзначыў ён. "Перад выбарамі трэба напружвацца і бегчы яшчэ хутчэй, чым учора. Калі гэта ўрад – асабліва, – лічыць кіраўнік дзяржавы. – Патрэбен вынік. Не будзе выніку – такі ўрад мне не патрэбны. Які б ён ні быў".
Прэзідэнт дадаў: "Я 15 гадоў крытыкую ўсіх тых, хто сёння дрэнна працуе з майго пункту гледжання. Маю я на гэта права? Маю. Больш таго: я абавязаны гэта рабіць".
Аляксандр Лукашэнка зноў падкрэсліў, што ніколі з сябе адказнасці не здымаў. "Ва ўсім, што ў нашай краіне адбываецца дрэннага, – вінаваты я. Я ўзначальваю ўладную вертыкаль у краіне і нясу за гэта адказнасць, – сказаў ён. – І народ павінен зараз з мяне пытаць. Ужо пасля выбараў, калі яны мяне пакінуць Прэзідэнтам і я захочу гэтага, то я ўжо буду потым пытаць: і са сваіх падначаленых, членаў урада, а дзе трэба – і народ прымушаць рабіць тое, што трэба". "А зараз хай яны мяне ацэньваюць і робяць свае высновы", – дадаў ён.-0-