А.Лукашэнка патрабуе звесці да мінімуму распрацоўку дзяржпраграм і канцэпцый

17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе мінімізаваць фармалізм у працы ўлады і выключыць у далейшым такую практыку работы, як фарміраванне канцэпцый, праграм і іншых падобных дакументаў па ўжо прапрацаваных напрамках жыццядзейнасці дзяржавы, дзе і без дадатковых папер ясна і зразумела, што і як неабходна рабіць. Усё павінна быць падпарадкавана канкрэтнай рабоце, рэальным справам, а не паператворчасці. Аб гэтым ён заявіў 17 студзеня на нарадзе па рэспубліканскай праграме "Моладзь Беларусі" на 2011-2015 гады, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. На разгляд Прэзідэнта быў прадстаўлены праект рэспубліканскай праграмы "Моладзь Беларусі" на пяцігодку. Падобныя праграмы прымаліся ў краіне з 1996 года. Прынцыповай асаблівасцю цяперашняй распрацоўшчыкі вызначалі актыўнае уцягванне ў жыццё краіны моладзі, выкарыстоўваючы ў поўнай меры яе патэнцыял - мабільнасць, ініцыятыўнасць, успрымальнасць да новых тэхналогій, інавацый. У праграме на пяцігоддзе прапаноўвалася вырашэнне такіх задач, як патрыятычнае выхаванне моладзі, садзейнічанне ў прафесійнай арыентацыі і працаўладкаванні маладых грамадзян у вольны ад вучобы час, забеспячэнне дзяржаўнай падтрымкі маладых сем'яў, развіццё маладзёжных грамадска значных ініцыятыў, фарміраванне здаровага ладу жыцця моладзі, развіццё міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва і іншых. Аднак Аляксандр Лукашэнка выказаў сумнеў у неабходнасці прыняцця гэтай маладзёжнай праграмы. На думку Прэзідэнта, у краіне ўжо выбудавана сістэма работы з моладдзю, вызначаны фінансавыя сродкі, а таксама тое, хто будзе ў цэнтры і на месцах рэалізоўваць асноўныя напрамкі дзейнасці з моладдзю. "Узнікае пытанне: мы фарміруем гэту праграму чаму? Таму што ў нас нечага не хапае ці мы не ведаем, як ісці ў гэтым напрамку работы з моладдзю, ці мы нешта не вызначылі ў рабоце з моладдзю, ці ў нас не хапае нейкіх структур, каб з моладдзю працаваць? Ці ж у прынятай на 5 гадоў праграме (сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны) мы канцэптуальна і змястоўна не вызначылі, якім шляхам будзем ісці і як будзем дзейнічаць у дачыненні да моладзі? Па-мойму, гэта чыста рытарычныя пытанні", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Навошта нам патрэбна гэтая праграма? Каб напісаць чарговы дакумент і пакласці яго дзесьці ў стол і ўсім час ад часу паказваць і гаварыць аб тым, што вось, паглядзіце, як добра мы працуем з моладдзю? Ці так жыццёва неабходна гэтая праграма?" - задаў заканамернае пытанне Прэзідэнт. "Ладна, гэта ў мінулым, можа быць, мы не ведалі, як дзейнічаць, збіраліся, вызначаліся, мазгавы штурм арганізоўвалі па нейкіх напрамках дзейнасці. Але сёння ж усё зразумела. Таму ўзнікае пытанне: патрэбна нам гэтая праграма ці не патрэбна, што ў ёй новага ў параўнанні з тым, што мы ўжо робім на практыцы", - сказаў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, сказанае тычыцца ў цэлым органаў улады на будучыню. "Я ў прынцыпе стаўлю пытанне па выключэнні ў далейшым такой практыкі работы, як фарміраванне канцэпцый, праграм і іншых непатрэбных і пустых дакументаў, - адзначыў ён. - Ніякіх праграм і ніякіх канцэпцый. Праграмы і канцэпцыі патрэбны толькі тады і там, дзе мы пачынаем нешта новае, дзе трэба дакладна канцэптуальна вызначыцца, сканцэнтраваць сродкі. Бо мы захламляем працу самі сабе альбо робім выгляд, што добра працуем, спараджаючы праграмы. Вось мая прынцыповая пазіцыя". Прэзідэнт распавёў, што ўжо адхіліў некалькі такіх праграм. "Не трэба творчых груп для таго, каб напісаць відавочнае, і не трэба на гэта марнаваць грошы. Лепш іх патраціць на моладзь, на сям'ю, дзяцей, ветэранаў. Я пералічваю гэтыя напрамкі таму, што можна было б і пад іх нейкія канцэпцыі, праграмы падвесці", - адзначыў ён. "Ніякага фармалізму, пачынаючы са студзеня і надалей, быць не павінна. Трэба пісаць і рабіць тое, што нам трэба. Трэба пераходзіць да канкрэтнай работы з моладдзю. А тое, што ў нас дзесьці не атрымалася з моладдзю, гэта не таму, што няма праграмы або фінансаванне было недастатковым. А таму, што з моладдзю ніхто не працаваў, ім нават элементарнага не распавядалі. У ВНУ, ПТВ не хадзілі, не кажучы ўжо пра школы. Таму трэба працаваць у элементарных пытаннях з моладдзю, дзецьмі, ветэранамі - і ўсё ў нас атрымаецца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Удзельнікі нарады выказалі свае аргументы на карысць прыняцця праграмы, аднак Прэзідэнт палічыў іх непераканаўчымі. Ён указваў на слабую практычную рэалізацыю мерапрыемстваў па рабоце з моладдзю, недахоп мэтанакіраванай работы з гэтай часткай грамадства. Аляксандр Лукашэнка заклікаў канцэптуальна выбудаваць работу з моладдзю. Пры гэтым дзейнічаць не па старынцы, а шукаць новыя метады і падыходы, улічваючы сучасную рэчаіснасць. "Пачынайце канкрэтыкай займацца!" - запатрабаваў ён. "У сферы моладзі нам нешта трэба рабіць. Сённяшняя моладзь - гэта людзі, якія заўтра прыйдуць замест нас, яны павінны ўзяць у рукі краіну і несці яе, абараняючы незалежнасць, суверэнітэт, забяспечваючы нармальны імідж і г.д. Што рабіць? Сядайце і думайце! - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Думайце, што мы павінны зрабіць у рабоце з моладдзю, пачынаючы ад Прэзідэнта і заканчваючы пярвічкамі грамадскіх арганізацый". Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тое, што ні на якія напрамкі праз праграмы не будуць бездумна выдзяляцца сродкі. Фінансавацца будуць толькі канкрэтныя мерапрыемствы, якія прыносяць істотную аддачу. Пры гэтым ён папярэдзіў аб персанальнай адказнасці за кожны патрачаны рубель.-0-