А.Лукашэнка патрабуе ўзмацніць правілы валютнага рэгулявання ў краіне

25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўзмацніць правілы валютнага рэгулявання ў краіне. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе з новым складам урада і зноў прызначанымі службовымі асобамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Хачу звярнуць прынцыповую ўвагу прэм'ер-міністра і старшыні праўлення Нацыянальнага банка: мы недапушчальна расхлябана ставімся да выкарыстання валютнай выручкі. Склалася сітуацыя, што некалькі сотняў або дзясяткаў, можа быць, ключавых прадпрыемстваў прыносяць валюту ў краіну, а прэм'ер-міністр і старшыня праўлення Нацыянальнага банка, грунтуючыся на незразумелых тэорыях свабоднага рынку, раздаюць каму трапіла гэту валюту", - сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што калі валюта ў краіне будзе, то яе можна будзе браць і расходаваць. "Няма валюты - прасі ў тых, у каго гэтая валюта ёсць. І хопіць адбіраць валюту ў кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, якія яе зарабляюць, і раздаваць тым, хто яе ў краіну не прыносіць", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да старшыні праўлення Нацбанка. "Гэта прынцыповае пытанне нашай эканомікі, і мы павінны скарэкціраваць нашу палітыку, а не грунтавацца на нейкай голай рынкавай тэорыі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Я не кажу, што ўсіх трэба заціснуць. Насельніцтва - гэта святое. І ў нас насельніцтва праблем з валютай не стварае. Насельніцтва купіла некалькі мільёнаў долараў і ўсё роўна размясціла іх у банках. А прадпрыемствы паводзяць сябе расхлябана. У тым ліку і энергетычны сектар, і іншыя. Таму тут павінен быць наведзены парадак", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Упэўнены, што гэта дасць нармальны эфект, і мы не будзем мець больш праблем з валютай, курсам і гэтак далей", - дадаў ён.-0-